Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода падало ў суд, каб аднавіць фінансаваньне


Студыя Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода
Студыя Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (РСЭ/РС) падало ў суд на Агенцтва ЗША па глябальных мэдыя (USAGM), а таксама на прадстаўнікоў USAGM Кэры Лэйк і Віктара Маралеса, каб заблякаваць іх спробу скасаваць фэдэральны грант на дзейнасьць РСЭ/РС.

Паводле пазову, пададзенага РСЭ/РС у Акруговы суд у Вашынгтоне, скасаваньне гранта парушае фэдэральныя законы і Канстытуцыю ЗША. Адмова ў сродках, якія ўжо выдаткаваў Кангрэс ЗША, пярэчыць Канстытуцыі, якая надзяляе Кангрэс выключным правам вызначаць фэдэральныя выдаткі.

Справу будзе разглядаць Акруговы суд Злучаных Штатаў па Акрузе Калюмбія ў Вашынгтоне.

Прэзыдэнт і галоўны выканаўчы дырэктар RFE/RL Стывэн Капус сказаў:

«Цяпер ня час саступаць тэрыторыю прапагандзе і цэнзуры з боку праціўнікаў Амэрыкі. Мы лічым, што закон на нашым баку і што сьвяткаваньне нашай сьмерці дэспатамі ва ўсім сьвеце заўчаснае».

14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва ЗША па глябальных мэдыя (USAGM).

«На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай з пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзяленьні або функцыі гэтай установы зьяўляюцца прадпісанымі законам і ў якой ступені», — гаворылася ў тэксьце ўказу.

Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, быў спынены.

Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старэйшы дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.

Лэйк была вылучана Трампам на пасаду кіраўніка «Голасу Амэрыкі», хаця яе кандыдатура ўсё яшчэ павінна быць ухваленая Міжнароднай кансультацыйнай радай па вяшчаньні.

  • Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах. Місія карпарацыі — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG