Тэатральная трупа «Вольныя купалаўцы» ўзнагароджаная ў Польшчы прэміяй з Фонду прасоўваньня культуры, паведамляе прэсавая служба Аб’яднанага пераходнага кабінэту.
Адпаведнае рашэньне прыняла 17 сакавіка міністарка культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Гана Ўрублеўская.
Фонд прасоўваньня культуры — гэта дзяржаўная праграма ў Польшчы, якую рэалізуе Міністэрства культуры. Праграма накіраваная на падтрымку разьвіцьця культуры і мастацтва ў краіне праз сацыяльную дапамогу артыстам.
«Для мяне, як для палітыка, заўсёды будзе прыярытэтам падтрымка нацыянальнай культуры Беларусі, у тым ліку ў выгнаньні. Зразумела, што Купалаўскі тэатар заўсёды будзе ў маім сэрцы, і я буду рабіць усё дзеля таго, каб дапамагаць „Вольным купалаўцам“ за іх талент, майстэрства і адданасьць нацыянальнай беларускай культуры», — заявіў намесьнік кіраўніка АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраваньня і экс-дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Павал Латушка.
Палітык адзначыў, што за апошні час яму ўдалося знайсьці для «Вольных купалаўцаў» сродкі на рэалізацыю двух новых тэатральных праектаў.
«Заклікаю падтрымліваць купалаўцаў. Калі ў вас ёсьць магчымасьць, заплаціце падвойную ці нават трайную цану за білеты, падтрымайце купалаўцаў і нацыянальную культуру, безь якой немагчыма ўявіць незалежную дзяржаву — Беларусь. Купалаўскі тэатар — найстарэйшы тэатар Беларусі, душа беларускага народу. Нам таксама важна памятаць, што неўзабаве і ён адновіць сваю дзейнасьць у вольнай Беларусі,» — сказаў Павел Латушка.
Трупа «Вольныя купалаўцы», якая вымушана працуе за мяжой з прычыны пагрозы палітычнага перасьледу ў Беларусі, у сьнежні 2024 году была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем» — нібыта за «арганізацыю дзейнасьці па падрыхтоўцы замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу урадоўцаў».
- «Вольныя купалаўцы» — аб’яднаньне былых актораў Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, якія пакінулі Беларусь пасьля пратэстаў 2020 году. Цяпер яны выступаюць у Польшчы і гастралююць па Эўразьвязе. Латушка быў дырэктарам тэатру з сакавіка 2019 да жніўня 2020 году, пасьля чаго перайшоў у апазыцыю да ўлады на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў на карысьць Аляксандра Лукашэнкі.
Форум