На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
— Пакуль мы з вамі размаўляем, прэзыдэнты Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін вядуць перамовы. Ад вынікаў іх размовы будуць залежаць лёс вайны і міру. А ад каго яшчэ і ў якой ступені залежыць разьвіцьцё сытуацыі і ў рэгіёне, і ў Беларусі? Давайце пагаворым пра Эўропу.
Летась вы напісалі набор рэкамэндацыяў наконт зьменаў у пэўных варунках палітыкі Захаду, найперш Эўразьвязу, адносна Беларусі. Ці склаліся гэтыя варункі? Ці бачыце вы прыкметы зьмены ранейшай палітыкі менавіта Эўразьвязу адносна Беларусі?
— Кароткі адказ тут будзе «не» на абодва пытаньні, таму што, шчыра кажучы, палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі — гэта, напэўна, адна з самых інэртных палітык ЭЗ у дачыненьні да яго суседзяў. Найперш таму, што сытуацыя ў Беларусі ня вельмі зьмянілася за гэты год і, у прынцыпе, за апошнія некалькі гадоў. Нейкіх пазытыўных зьменаў, якія падштурхнулі б Эўразьвяз да пераасэнсаваньня сваёй палітыкі, проста не было. А па-другое, у прынцыпе, Беларусь не зьяўляецца настолькі прыярытэтнай краінай, каб у ЭЗ увесь час бурліў нейкі норматворчы ці іншы палітычны працэс на тэму таго, як ім абыходзіцца зь Беларусьсю. Прынялі нейкія прынцыпы, нейкую каляіну ў 2020 годзе, у 2022-м яе замацавалі і па ёй рухаюцца. І каб гэтую каляіну памяняць, неяк зь яе выйсьці, зрухі ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы Беларусі павінныя быць тэктанічнымі насамрэч.
Зьмянілася крыху палітыка ЗША адносна Беларусі. Прынамсі, да яе зьмены зьявіліся перадумовы. Але ў эўрапейскай палітыцы, шчыра скажам, ніякіх асаблівых перамен няма. Іх няма і ў тым, як сябе пазыцыянуе Лукашэнка. Ён не спрабуе дапамагаць сваім патэнцыйным тактычным саюзьнікам у Эўропе рухацца да нейкай зьмены парадку дня. Тыя рэкамэндацыі, якія я рабіў летась, тычыліся таго моманту, калі ў адносінах паміж Беларусьсю і Расеяй зьявіцца зазор, які ў іх быў да 2020 году.
— Выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Савеце Фэдэрацыі Расеі на мінулым тыдні, дэталі яго прэс-канфэрэнцыі з Уладзімірам Пуціным сьведчаць хутчэй аб руху ў іншым напрамку.
— Так, няма ніякіх прыкмет заканчэньня «мядовага месяца» у адносінах Пуціна і Лукашэнкі. Гэта значыць, вядома, занепакоенасьць Менска з нагоды скарачэньня эканамічнага пірага, на які прызвычаіліся разьлічваць. Экспарт у Расею падае, канкурэнцыя на расейскім рынку расьце. Але пакуль гэта вельмі раньнія ластаўкі будучых праблем. І я не ўпэўнены, што яны абавязкова павінны прывесьці да палітычных спрэчак. Калі Лукашэнка ў сёньняшняй сытуацыі рубам паставіць перад Пуціным пытаньне аб тым, што трэба больш падтрымкі, то я ня думаю, што гэта стане падставай для нейкай вялікай лаянкі ці пераарыентацыі Менска. Я думаю, што ў сёньняшніх абставінах хутчэй знойдуць, як гэтыя запыты Менска задаволіць.
— Палітыка адміністрацыі Трампа — гэта выклік Эўропе, у тым ліку і сьветапоглядны, што яскрава было прадэманстравана ў мюнхэнскай прамове віцэ-прэзыдэнта ЗША Джэя Д. Вэнса. Ці бачыце вы годны сьветапоглядны адказ Эўропы на гэты выклік?
— Я ня бачу, каб Эўропа як адзіны суб’ект прапанавала альтэрнатыўную філязофію. Па-першае, таму што ў Эўропе няма лідэра, няма зразумелага легітымнага цэнтру, які мог бы генэраваць такія ідэі.
Гэта значыць няма эўрапейскага палітыка, які мог бы паехаць у Вашынгтон і выступіць з прамовай, аналягічнай прамове Вэнса, аблаяўшы амэрыканцаў за тое, што яны здрадзілі інтарэсам дэмакратыі. І каб гэта гучала, як салідарны голас Эўропы.
Ва ўсіх краінах кантынэнта кіруюць партыі, якія займаюць розныя месцы на палітычным спэктры. Ёсьць даволі кансэрватыўная правая Італія, ёсьць правацэнтрысты ў Францыі і Нямеччыне, ёсьць левацэнтрысты ў Вялікай Брытаніі, ёсьць левацэнтрысцкая кааліцыя ў Польшчы. Незразумела, хто ўпаўнаважаны фармуляваць ідэалягічную альтэрнатыву.
У гэтым сэнсе арганічным адказам тут зьяўляецца проста адстойваньне таго, што атакуе Вэнс. Гэта клясычны лібэральна-дэмакратычны наратыў аб тым, што свабодны гандаль — гэта добра, што правы чалавека — гэта добра, што дэмакратычныя інстытуты ня трэба падрываць і гэтак далей.
А зь іншага боку, ёсьць некаторы ўхіл у бок прыняцьця справядлівай часткі крытыкі. Мы ўжо бачым, што нават цэнтрысцкія, і ў тым ліку і левацэнтрысцкія ўрады Эўропы, зрабілі вельмі вялікі зрух управа ў пытаньні міграцыі. Я думаю, тут фактар Трампа ўплывае не ў апошнюю чаргу.
Але па іншых пытаньнях збліжэньня не назіраецца. Наадварот, мы бачым у многіх краінах лідэры, якія найбольш жорстка апаніруюць трампісцкаму парадку дня, набіраюць папулярнасьць.
І незразумела, ці выйгрышным было б для эўрапейскіх палітыкаў цалкам прымаць крытыку Вэнса і яго аднадумцаў. Можа быць, часам нават для ўласных электаральных мэтаў мае сэнс настойваць на сваім і казаць — так, мы вось такія, і будзем яшчэ больш такімі, якімі мы не падабаемся вам. Бо мы эўрапейцы, бо мы іншыя.
— Якія шанцы на больш праактыўную палітыку Эўразьвязу ў інфармацыйнай сфэры? Выглядае, што ЗША палічылі, што «мяккая сіла», прынамсі, у яе ранейшай форме — гэта занадта вялікі цяжар для іх. Ці Эўропа гатовая ўзяць на сябе і гэты цяжар? Пытаньне тычыцца і падтрымкі беларускіх недзяржаўных мэдыя.
— У гэтага пытаньня ёсьць добрая лякмусавая паперка. Ці будзе ў нас з вамі яшчэ адно інтэрвію на Радыё Свабода? Таму што няма больш канкрэтнага і зразумелага месца для дадатку гэтых патэнцыйных кампэнсацыйных захадаў, чым выратаваньне Радыё Свабода. Таму што яно разьмешчанае ў Эўропе. І ўжо ёсьць ініцыятыва розных эўрапейскіх краінаў падтрымаць Радыё Свабода зараз.
Пабачым. Вось гэта будзе тэст, адказ на вашае пытаньне — частковы хаця б.
— Магчыма, цяперашняя адміністрацыя ЗША проста інакш, чым раней, разумее «мяккую сілу». Вось ёсьць амэрыканскі падкастэр Лэкс Фрыдман. Інтэрвію з прэмʼерам Індыі Модзі — ужо тры мільёны праглядаў, інтэрвію з Зяленскім — 7 мільёнаў. Вось гэта для Маска, напрыклад — сапраўдная «мяккая сіла».
— Я лічу, што каманда Трампа разумее сілу новых мэдыя куды лепш, чым іх апанэнты дэмакраты. Пакуль дэмакраты запісвалі абсалютна крынжовыя цік-токі і спрабавалі дзіўнымі камунікацыйнымі хадамі прыцягнуць аўдыторыю, Трамп проста ішоў да Джо Рогана і наўпрост зьвяртаўся да дзясяткаў мільёнаў маладых мужчын. Яны прыйшлі і далі яму перамогу на выбарах. Яны сілу новых мэдыя разумеюць лепш за нас усіх.
Пытаньне ў тым, што «мяккая сіла» у зьнешняй палітыцы — гэта ўсё ж ня толькі і ня столькі пра выкарыстаньне мэдыяпляцовак. «Мяккая сіла» — гэта яшчэ і пра тое, які імідж ты ствараеш сваімі разнаплянавымі дзеяньнямі, у тым ліку гуманітарнай дапамогай. Шыльдамі на дарогах у Афрыцы, што гэтая дарога пабудавана на грошы USAID. І гэта выклікае падзяку ЗША.
Гэта і пытаньні масавай культуры, калі зорак амэрыканскага Галівуду ці поп-культуры ведае ўвесь сьвет, і для гэтага не трэба было рашэньня амэрыканскай адміністрацыі. Але сёньняшняя амэрыканская адміністрацыя відавочна стаіць на іншым ідэалягічным полюсе, чым большасьць гэтых культурных ідалаў усяго сьвету.
Мне здаецца, што інфармацыйная апрацоўка і «мяккая сіла» — гэта падобныя сфэры, але крышачку ўсё ж такі розныя гульні.
І вось ці ўмеюць яны гуляць са сваімі мэркантыльнымі бізнэс-падыходамі менавіта ў «мяккую сілу», у шматгадовае стварэньне пазытыўнага ладу. Іх дзеяньні пакуль, за першыя два месяцы іх кіраваньня, гавораць хутчэй аб тым, што яны не лічаць гэта сваім прыярытэтам. Яны не супраць сапсаваць свой імідж за мяжой у многіх краінах, у тым ліку і самыя дружалюбна настроеныя, тыпу Канады, калі гэта служыць інтарэсам іх мэтавых груп унутры краіны або калі гэта можна ўявіць як вялікую перамогу для сваіх выбаршчыкаў.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум