«Выратуем Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода»
Чэскі міністар па справах Эўропы Марцін Дворжак паведаміў сёньня, што ініцыятыву яго краіны па пошуку фінансаваньня для Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода падтрымалі 10 краін Эўразьвязу:
«Давайце выратуем Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода! На выходных я зьвярнуўся да сваіх калег-міністраў з ініцыятывай падтрымаць яго фінансаваньне. Я падняў гэтае пытаньне сёньня на паседжаньні Рады па агульных пытаньнях ЭЗ. Такім чынам, дэклярацыя атрымала падтрымку 10 дзяржаваў. Я рады, што эўракамісары Марта Кос і Пэтэр Сэрафін ведаюць аб гэтай праблеме і зацікаўлены ў пошуку яе рашэньня. Працягнем!», — напісаў на сваёй старонцы ў сетцы Х Марцін Дворжак.
Эўракамісар у пытаньнях пашырэньня Эўразьвязу, прадстаўніца Славеніі Марта Кос апублікавала адказ Марціну Дворжаку:
«Свабода СМІ важная цяпер больш, чым калі-небудзь. Я абмяркоўвала спосабы падтрымкі Радыё Свабодная Эўропа зь міністрам Марцінам Дворжакам з Прагі, дзе знаходзіцца радыёстанцыя. Голас RFE/RL ахоплівае 47 мільёнаў чалавек, часта ў рэгіёнах, дзе праўда падвяргаецца цэнзуры. Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах».
«Абарона свабоднай прэсы азначае абарону дэмакратыі»
Міністар замежных спраў Бэльгіі Максім Прэво выступіў з наступнай заявай у падтрымку RFE/RL:
«Фінансавыя праблемы, зь якімі сутыкаецца Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL), падвяргаюць незалежную журналістыку сур’ёзнай рызыцы ў рэгіёнах, дзе свабодная прэса змаўкае, ад Расеі і Беларусі да Ірану і Афганістану. Калі RFE/RL зьнікне, дэзінфармацыя і прапаганда запоўняць пустэчу. Гэта будзе прамой перамогай для тых, хто імкнецца падарваць дэмакратыю.
Эўропа ня можа гэтага дапусьціць. Абарона свабоднай прэсы азначае абарону дэмакратыі. Доступ да рэпартажаў, заснаваных на фактах, — гэта ня проста прынцып, гэта неабходнасьць для бясьпекі і асноўных свабодаў. Вось чаму Бэльгія разам са сваімі партнэрамі ўхваліла сумесную заяву, якая заклікае да тэрміновых дзеяньняў па забесьпячэньні доўгатэрміновага фінансаваньня RFE/RL і незалежных СМІ.
Бэльгія заўсёды будзе выступаць за свабоду СМІ і плюралізм. Мы павінны дзейнічаць цяпер, каб падтрымаць незалежную журналістыку, пакуль ня стала занадта позна», — напісаў Максім Прэво на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
«Вольныя СМІ зьяўляюцца асновай нашых дэмакратый»
Міністарка па справах Эўразьвязу і паўночнага супрацоўніцтва Швэцыі Есіка Русенкранц таксама заявіла, што яе краіна далучаецца да ініцыятывы Чэхіі падтрымаць Радыё Свабода:
«Вольныя і заснаваныя на фактах СМІ зьяўляюцца асновай нашых дэмакратый. Швэцыя далучылася да чэскай ініцыятывы па пошуку шляхоў, пры дапамозе якіх ЭЗ і яго дзяржавы-сябры могуць падтрымаць Радыё Свабодная Эўропа і яго ролю як голасу свабоды там, дзе гэта найбольш патрэбна».
«Тыя, хто прасоўвае эўрапейскія каштоўнасьці, павінны быць падтрыманыя»
Прэзыдэнт Эўрапейскай народнай партыі (ЭНП) Мафрэд Вэбэр з нагоды сытуацыі вакол Радыё Свабода распаўсюдзіў у Падгорыцы прэсавы рэліз, у якім гаворыцца:
«Рашэньне ЗША спыніць падтрымку RFE/RL — яшчэ адзін прыклад таго, як зьмяняецца геапалітычная сытуацыя. У гэты момант мы мусім пераасэнсаваць тое, што вызначае нас як эўрапейцаў і што для нас важна.
У часы вялікай нявызначанасьці, мноства перамен і нават гістарычных паваротных момантаў мы павінны пераасэнсаваць тое, што вызначае нас як эўрапейцаў. Перш за ўсё, я б сказаў, што аснова ўсяго — казаць праўду.
Калі прадстаўнікі адміністрацыі ЗША і Авальнага кабінэту кажуць, што Ўкраіна нясе адказнасьць за вайну, то гэта хлусьня, і мы павінны так гэта называць. Мы мусім стаяць за праўду.
Калі мы гаворым пра эўрапейскі лад жыцьця — свабоду, дэмакратыю, вяршэнства закон, роўны зварот, забарону дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын і сацыяльную рынкавую эканоміку — гэта ідэі, якія робяць нас эўрапейцамі. У канчатковым выніку, гэта тое, што вызначае нас.
Маючы гэта на ўвазе, я лічу, што тыя, хто прасоўвае гэтыя каштоўнасьці, такія як Радыё Свабодная Эўропа ў Празе (Чэская Рэспубліка), павінны быць падтрыманыя Эўразьвязам. Мы гаворым аб бюджэце прыкладна ў 140 мільёнаў эўра, што зьяўляецца бягучым фінансаваньнем RFE/RL. Таму, на мой погляд, мы павінны сур’ёзна шукаць рашэньне, каб забясьпечыць неабходныя сродкі. Яны абараняюць прынцыпы, якія мы адстойваем.
Усе рашэньні, якія мы прымаем, не павінны быць кароткатэрміновымі, а павінны кіравацца тым, у што мы верым і за што мы змагаемся».
Паводле карэспандэнта Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкарда Юзьвяка, да чэскай ініцыятывы па падтрымцы мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода далучыліся Эстонія, Латвія, Літва, Швэцыя, Нідэрлянды, Бэльгія, Нямеччына, Аўстрыя, Славенія.
Польшча таксама падтрымлівае ініцыятыву, але паколькі яна зьяўляюцца краінай-старшынёй ЭЗ, то яна ня можа афіцыйна стаць суаўтарам ініцыятывы.
***
Пазыцыя кіраўніцы Рады дырэктараў РСЭ/РС
Ліза Кэртыс, старшыня Рады дырэктараў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС), якая атрымала ліст ад Кэры Лэйк з Агенцтва глябальных мэдыя ЗША, дзе заяўлена аб скасаваньні фінансаваньня РСЭ/РС, вылучанага Кангрэсам, выказала сваю прыватную пазыцыю:
«Наша каманда юрыстаў, якія працуюць бязвыплатна, гатовая зрабіць усе неабходныя крокі, каб РСЭ/РС працягвала выконваць сваю місію, ухваленую Кангрэсам.
Адмаўленьне Агенцтва глябальных мэдыя ЗША ў вылучэньні сродкаў для РСЭ/РС незаконнае з чатырох прычын:
- 1. Яно парушае статут, якім кіруецца РСЭ/РС.
- 2. Яно парушае законы аб асыгнаваньнях Кангрэсу.
- 3. Яно парушае Канстытуцыю ЗША. Нельга ігнараваць Палажэньне аб асыгнаваньнях і Палажэньне аб захаваньні Канстытуцыі, а таксама Закон аб кантролі за бюджэтнымі выдаткамі. Судзьдзя Кавана згодны і сказаў гэта ў сваім рашэньні наконт акругі Эйкен у 2013 годзе.
- 4. Нарэшце, само спыненьне гранту ёсьць незаконным».
Указ Дональда Трампа
Увечары 14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньні ў сямі фэдэральных агенцтвах, у тым ліку Агенцтве глябальных мэдыя ЗША (USAGM), якое адказвае за Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL) і іншыя амэрыканскія мэдыярэсурсы для замежжа.
Указ таксама закранае агенцтвы, якія займаюцца пытаньнямі бяздомнасьці, працоўных спрэчак, разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў.
«На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы або функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаворыцца ў паведамленьні Белага дому.
Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу мэдыя распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, быў спынены.
Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як «старэйшы дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара».
Лэйк была вылучана на пасаду кіраўніка Голасу Амэрыкі Трампам, але яе кандыдатуру яшчэ павінна ўхваліць Кансультацыйная рада міжнароднага вяшчаньня (незалежны фэдэральны орган).
Прэзыдэнт і галоўны выканаўчы дырэктар RFE/RL Стывэн Капус сказаў, што скасаваньне пагадненьня аб гранце стане «велізарным падарункам ворагам Амэрыкі».
«Іранскія аятолы, кітайскія камуністычныя лідэры і аўтакраты ў Маскве і Менску будуць сьвяткаваць спыненьне існаваньня RFE/RL пасьля 75 гадоў. Перамога нашых супернікаў зробіць іх мацнейшымі, а Амэрыку слабейшай», — сказаў ён.
«Мы карысталіся моцнай двухпартыйнай падтрымкай на працягу ўсёй слаўнай гісторыі RFE/RL. Бяз нас амаль 50 мільёнаў чалавек у закрытых грамадзтвах, якія кожны тыдзень залежаць ад нас у атрыманьні дакладных навін і інфармацыі, ня будуць мець доступу да праўды аб Амэрыцы і сьвеце», — дадаў Капус.
USAGM — незалежнае дзяржаўнае агенцтва ЗША, якое ажыцьцяўляе трансьляцыю навін і інфармацыйных праграмаў амаль на 50 мовах для аўдыторыі прыкладна 361 мільён чалавек кожны тыдзень.
Бюджэтны запыт USAGM на 2025 фінансавы год склаў 950 мільёнаў даляраў, што павінна пакрыць усе яго апэрацыйныя выдаткі і капітальныя ўкладаньні. У бюджэт уваходзяць мэдыяплятформы:
- Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL),
- Голас Амэрыкі,
- Радыё Свабодная Азія,
- Офіс радыётрансьляцыі на Кубу (Radio Martí),
- Блізкаўсходнія радыётрансьляцыйныя сеткі (MBN)
- Фонд адкрытых тэхналёгіяў.
Форум