Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага коміка затрымалі ў Беларусі пасьля жарту, у якім убачылі зьнявагу ўдзельнікаў расейскай вайны супраць Украіны


Мяжа Беларусі і Расеі, архіўнае фота
Мяжа Беларусі і Расеі, архіўнае фота

Супрацоўнікі ГУБАЗіК паведамілі, што затрымалі ў Беларусі расейскага коміка Арцемія Астаніна, якога вінавацяць у глумленьні над удзельнікамі расейскай вайны ва Ўкраіне. Як паведамляе адзін з ТГ-каналаў беларускіх сілавікоў, ён хацеў празь Менск паляцець у трэцюю краіну.

На канале выставілі ягонае фота каля мяжы Беларусі і Расеі зь мясарубкай на шыі. На фота Астанін таксама коратка падстрыжаны, хоць на здымку адразу пасьля затрыманьня ў яго доўгія валасы.

Сьледчы камітэт Расеі інкрымінуе Астатніну распальваньне нянавісьці або варожасьці, а таксама зьнявагу чалавечай годнасьці. Яму пагражае да шасьці гадоў абмежаваньня волі. Паведамляецца, што яго ўжо даставілі ў Маскву.

Нагодай для перасьледу стаў жарт падчас выступу ў Маскве пра чалавека, які страціў ногі. Вайна ва Ўкраіне пры гэтым у выступе Астаніна ня згадвалася. Але расейскія праўладныя актывісты, якія напісалі на яго скаргу, палічылі, што «гаворка можа ісьці пра вайскоўца, які атрымаў цяжкае раненьне падчас СВА (вайну расейскія ўлады называюць спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй).

Арцём Астанін заявіў, што яго жарт ня мае ніякага дачыненьня да арміі. Ён сказаў, што гаворка ідзе пра «прафэсійных жабракоў», якія дзесяцігодзьдзямі прасілі ахвяраваньні.

Як паведамляе «Настоящее время», раней Сьледчы камітэт Расеі заявіў, што комік «нэгатыўна і абразьліва выказваўся ў адрас удзельніка спэцапэрацыі». Цяпер ён выправіў тэкст паведамленьня: паводле новай вэрсіі сьледзтва, Астанін «непрыязна выказваўся ў адрас асоб, якія атрымалі калецтвы і страцілі працаздольнасьць».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG