Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭСПЧ прызнаў Украіну вінаватай па справе аб пажары ў Адэсе ў 2014 годзе


Пажар у доме прафсаюзаў, Адэса, 2 траўня 2014 году.
Пажар у доме прафсаюзаў, Адэса, 2 траўня 2014 году.

Эўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) пастанавіў, што ўлады Ўкраіны не прынялі неабходных мераў, каб прадухіліць масавыя беспарадкі і выратаваць людзей падчас пажару ў будынку абласнога савета прафсаюзаў у Адэсе 2 траўня 2014 году.

Суд прызнаў парушэньне артыкулу 2 Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека, які гарантуе права на жыцьцё. Рашэньне апублікаванае на сайце ЭСПЧ 13 сакавіка.

Згодна з апублікаваным дакумэнтам, украінскія ўлады не прынялі належных мер для прадухіленьня гвалту, яго апэратыўнага спыненьня і аказаньня своечасовай дапамогі пацярпелым. Таксама ЭСПЧ указаў, што расьсьледаваньне трагедыі не было праведзена належным чынам.

Канфлікт паміж прыхільнікамі адзінай Украіны і прарасейскімі сіламі пачаўся з вулічных сутыкненьняў пасьля анэксіі Крыму і пачатку баявых дзеяньняў у Данецкай і Луганскай абласьцях. Сутыкненьні ў выніку прывялі да падпалу Дому прафсаюзаў. У гэтым будынку хаваліся ўдзельнікі «антымайдану». У выніку пажару загінулі 42 чалавекі, яшчэ шасьцёра былі застрэленыя. Праз 11 гадоў расьсьледаваньне застаецца незавершаным, а многія падазраваныя па-ранейшаму не прыцягнутыя да адказнасьці.

Суд устанавіў, што падчас беспарадкаў паліцыя Адэсы не прыняла належных мер для іх прадухіленьня, нягледзячы на наяўнасьць апэратыўнай інфармацыі аб магчымых сутыкненьнях. Праваахоўнікі таксама не ўмяшаліся, калі нападнікі прымянялі агнястрэльную зброю.

Акрамя таго, суд палічыў даказаным, што прыбыцьцё пажарных машын да палаючага будынка было наўмысна затрымана на 40 хвілін, а паліцыя не распачала дзеяньняў для эвакуацыі людзей. Тагачасны кіраўнік абласнога ўпраўленьня Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях Уладзімір Бадэлан даў указаньне не накіроўваць тэхніку на тушэньне пажару, гаворыцца ў рашэньні суду. Праз два гады Бадэлан зьбег у Расею, аднак падчас яго знаходжаньня ва Ўкраіне крымінальная справа супраць яго так і не было заведзеная.

ЭСПЧ таксама ўстанавіў, што мясцовыя ўлады сьвядома зьнішчалі доказы на падставе ўборкі тэрыторыі пасьля трагедыі.

На падставе гэтых довадаў суд абавязаў Украіну выплаціць сваякам загінулых па 15 тысяч эўра. Трое тых, хто выжыў з сур’ёзнымі апёкамі, атрымаюць па 12 тысяч эўра. Самая высокая сума кампэнсацыі, 17 тысяч эўра, прызначаная дачцэ Міхаіла Вячаславава, які загінуў у Доме прафсаюзаў. Апроч іншых парушэньняў, яна скардзілася на працяглую адмову ўладаў выдаць цела бацькі для пахаваньня.

  • Расея ў судовым разглядзе ня ўдзельнічала. Адразу пасьля пажару расейская прапаганда пачала апісваць падзеі ў Адэсе як «адэскую Хатынь», па назьве беларускай вёскі, якую нацысцкія карнікі спалілі разам з жыхарамі ў 1943 годзе. З таго часу пажар у Доме прафсаюзаў умацаваўся ў сьпісе наратываў расейскай прапаганды, аброс міталёгіяй і стаў важным элемэнтам дзяржаўнай палітыкі Расеі, паколькі ў будынку забарыкадаваліся прарасейскія пратэстоўцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG