Эўрапейскія пошліны пачнуць дзейнічаць з 1 красавіка 2025 году і цалкам набудуць моц 13 красавіка. Сярод тавараў, якія будуць абкладацца мытам ЭЗ, амэрыканскія матацыклы, віскі, арахісавае масла і джынсы, паведамляе Associated Press.
У прэс-рэлізе гаворыцца, што Эўракамісія лічыць, што пошліны ЗША неапраўданыя і падрываюць трансатлянтычны гандаль. Таксама зазначаецца, што Эўразьвяз гатовы працаваць з адміністрацыяй ЗША для пошуку рашэньня шляхам перамоваў.
«Ад сёньняшняй раніцы Злучаныя Штаты ўводзяць 25-працэнтныя пошліны на імпарт сталі і алюмінію. Мы глыбока шкадуем аб гэтай меры. Тарыфы — гэта падаткі. Яны шкодныя для бізнэсу і яшчэ горшыя для спажыўцоў. Гэтыя тарыфы парушаюць ланцужкі паставак. Яны ўносяць нявызначанасьць у эканоміку. На карту пастаўлены працоўныя месцы. Цэны будуць расьці. У Эўропе і ў Злучаных Штатах», — заявіла кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен.
Уведзеныя адміністрацыяй ЗША пошліны на імпарт з Эўразьвязу ўступілі ў сілу 12 сакавіка. Як адзначала агенцтва Bloomberg, новыя тарыфы аказаліся амаль у чатыры разы вышэйшымі за тыя, што дзейнічалі падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Дональда Трампа.
Форум