Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне арыштавалі беларуску, якую вінавацяць у парушэньні санкцыяў Эўразьвязу


Нямецкая паліцыя, ілюстрацыйнае фота
Нямецкая паліцыя, ілюстрацыйнае фота

Сёньня раніцай прыкладна 85 супрацоўнікаў мытнага дэпартамэнту Бэрліна-Брандэнбургу выканалі ордэр на арышт, тры канфіскацыі маёмасьці і пяць ордэраў на ператрус у дачыненьні да 46-гадовай жанчыны зь Беларусі па даручэньні Бэрлінскай пракуратуры ў Шпандаў і баварскім раёне Ландсхут за парушэньне санкцый Эўразьвязу супраць Расейскай Фэдэрацыі.

Пра гэта паведамляе мытная служба Бэрліна-Брандэнбургу на Presseportal.de — даччыным сайце агенцтва DPA, дзе публікуюцца афіцыйныя паведамленьні і прэс-рэлізы.

У заяве мытнай службы гаворыцца, што затрыманай можа пагражаць да 5 гадоў зьняволеньня. Апэрацыю падтрымлівалі сілы мытнага ўпраўленьня Мюнхэна і дзяржаўнай паліцыі Бэрліна.

Паведамляецца, што з 5 красавіка 2022 году жанчына разам з двума іншымі фігурантамі справы вывезла ў Расею мноства аўтамабіляў. Згодна з рэглямэнтам Эўразьвязу, гэта забаронена для прадметаў раскошы, такіх як аўтамабілі коштам больш за 50 тысяч эўра, з 15 сакавіка 2022 году ў адказ на напад Расеі на Украіну, які парушыў міжнароднае права. Ад 24 чэрвеня 2023 году гэтая забарона дзейнічае незалежна ад кошту аўтамабіляў.

Мяркуецца, што ў абыход гэтай пастановы абвінавачаныя пры дэкляраваньні транспартных сродкаў на экспарт стваралі ўражаньне, што яны вывозяць іх не ў Расею, а ў Беларусь, Кіргізстан, Таджыкістан і Узбэкістан. Фактычна было ўстаноўлена, што 186 з гэтых аўтамабіляў былі зарэгістраваныя непасрэдна ў Расеі. Гэта значыць, што яны былі экспартаваныя туды і з самага пачатку прызначаліся для Расеі.

Такім чынам, беларуску падазраюць у шэрагу парушэньняў Закону аб зьнешнім гандлі. У сувязі з рызыкай уцёкаў 12 сакавіка яе ўзялі пад варту і правялі некалькі ператрусаў, і канфіскавалі чатыры транспартныя сродкі «асаблівай каштоўнасьці», два прычэпы-рэфрыжэратары, а таксама адзін аўтамабіль у якасьці рэчавага доказу. Акрамя таго, канфіскаваныя службовыя дакумэнты і носьбіты інфармацыі.

Адзначаецца, што абвінавачаная разам з двума меркаванымі саўдзельнікамі, магчыма, вывезьлі 192 транспартныя сродкі агульным коштам 21 413 161 эўра, таму таксама быў накладзены арышт на маёмасьць у памеры гэтай сумы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG