Паводле СДБ, яны незаконна зьбіралі інфармацыю пра аб’екты інфраструктуры. Супраць іх пачалі крымінальную справу аб шпіянажы.
Затрыманы грамадзянін Эстоніі — фотааматар Матыяс Рык, які здымае цягнікі, піша Delfi. Ён публікаваў свае фатаграфіі, у прыватнасьці, у інтэрнэт-галерэі Baltic Train Picture. Прозьвішча грамадзяніна Ўкраіны не называюць.
Абодва былі затрыманыя ў Рызе 24 лютага і цяпер пад вартай.
Паведамляецца, што пры затрыманьні ў фігурантаў справы сканфіскавалі пяць мабільных тэлефонаў, чатыры дроны, два фотаапараты, флэш-карту, а таксама «лясную камэру», устаноўленую для «назіраньня за абʼектам крытычнай інфраструктуры».
У СДБ заявілі, што эстонца і ўкраінца затрымлівалі ў Эстоніі 12 лютага за выкарыстаньне бесьпілётных лятальных апаратаў паблізу абʼектаў інфраструктуры. Аднаго зь іх папярэджвалі пра тое, што ў Латвіі забаронена фатаграфаваць абʼекты крытычнай інфраструктуры без дазволу.
За апошнія некалькі гадоў латвійскія суды разгледзелі некалькі крымінальных справаў аб шпіянажы на карысьць Расеі ці Беларусі. У лістападзе 2023 году да васьмі гадоў і шасьці месяцаў пазбаўленьня волі быў прыгавораны былы міністар унутраных справаў Латвіі Яніс Адамсанс, у кастрычніку 2024 года сем гадоў пазбаўленьня волі атрымаў таксіст Сяргей Сідараў, а ў студзені 2025 году восем гадоў пазбаўленьня волі прысудзілі 72-гадоваму грамадзяніну Расеі.
Форум