Беларуская Рада культуры падвяла вынікі першай праграмы спрыяньня беларускай культуры «ArtPower Belarus: захаваньне беларускай грамадзкай прасторы праз культуру і мастацтва», якая стартавала ў канцы 2022 году і доўжылася да канца лютага 2025-га пры фінансавай падтрымцы Эўразьвязу.
У межах праграмы ArtPower Belarus падтрымалі 83 творчыя праекты і 57 мабільнасьцяў творцаў. Найбольш праектаў — са сфэраў літаратуры і візуальнага мастацтва (па 20), таксама ў лідарах — музыка (18), міжсэктаральныя праекты (15), кіно (14), тэатар (13), мэдыя (12) і праекты па захаваньні спадчыны (8). Таксама атрымалі падтрымку дзьве арт-рэзыдэнцыі, шэраг праектаў са сфэраў фатаграфіі, харэаграфіі і фальклёру, адукацыі, архітэктуры.
«Мы задумвалі ArtPower Belarus дзеля беларускіх аўтараў, каб яны атрымалі больш магчымасьцяў для свабоднага самавыяўленьня. І мы вельмі ўсьцешаныя, што гэтая мэта выкананая: дзякуючы праграме беларуская культура стала багацейшая на 83 творчыя праекты, а 231 асоба атрымала магчымасьць павандраваць па Эўропе, каб прэзэнтаваць сваю творчасьць, папрацаваць у архівах ці падвысіць свае кампэтэнцыі», — распавёў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.
Таксама ў межах праграмы адбыўся пілётны выпуск школы арт-мэнэджмэнту, зладзілі 2 базавыя дасьледаваньні актуальнага стану культурніцкай галіны, публікавалі агляды асноўных падзеяў і трэндаў беларускай культуры, працавалі Рэсурсны цэнтар і Гасьцёўня, дзе ладзілі круглыя сталы, дыскусіі, сустрэчы, прэзэнтацыі. Беларускія творцы бралі ўдзел у інфасэсіях, конкурсах, навучальных праграмах, імпрэзах.
Агулам беларускія творцы атрымалі 35 мідзі-грантаў (ад 5 да 50 тысяч эўра), 48 міні-грантаў (да 5 тысяч эўра) і 57 грантаў мабільнасьці на вандроўкі дзеля прафэсійнага разьвіцьця. Удзельнікамі праграмы мабільнасьці сталі 231 чалавек, каля паловы ўдзельнікаў упершыню падарожнічалі з мэтай прафэсійнага разьвіцьця. У 56 рэалізаваных праектах і мабільнасьцях са 140 былі ўдзельнікі, якія працягваюць знаходзіцца ў Беларусі.
Так напрыклад, сярод публічных праектаў, якія атрымалі мідзі-гранты:
- фонд Тutaka, які ладзіць фэсты і адукацыйныя імпрэзы для беларусаў Падляшша,
- сэрыя выставаў партрэтаў беларускіх палітвязьняў «Беларускі мартыралёг» мастачкі Ксішы Анёлавай,
- «Беларускі Моладзевы Хаб»,
- «Дом творцаў» у Варшаве,
- Пастаноўка опэры Беларускага Свабоднага тэатра «Дзікае паляваньне караля Стаха»,
- Belarus Outside Sound System (арганізацыя дабрачыннага фэстывалю і выданьне музыкі на вініле),
- тэатральная пастаноўка «Зэкамэрон» «Вольных Купалаўцаў» на аснове турэмнай кнігі палітвязьня Максіма Знака,
- аўтарскія YouTube-праекты пісьменьніка Андрэя Хадановіча пра беларускую і сусьветную літаратуру і культуроляга Максіма Жбанкова пра гісторыю беларускага кіно,
- «Інстытут беларускай кнігі»,
- онлайн-кінатэатар Vodblisk для прамоцыі беларускага кіно
- і многія іншыя непублічныя праекты.
У адмысловай галерэі Беларуская Рада культуры сабрала ўсе публічныя праекты (тыя, для каго згадка падтрыманьня з боку ArtPower Belarus не нясе пагрозы) атрымальнікаў грантаў, а таксама паказала тыпы непублічных праектаў.
Гэнрыетэ Борг Рэйнгольт, рэгіянальная дырэктарка Дацкага інстытуту культуры, які падтрымліваў праграму, падкрэсьлівае значнасьць падтрымкі беларускай культуры і грамадзянскай супольнасьці з боку эўрапейскіх інстытуцыяў:
«Беларускі сэктар мастацтва і культуры мае патрэбу ўва ўсёй максымальнай дапамозе, якую ён можа атрымаць. Моцная і свабодная грамадзянская супольнасьць абапіраецца на свабодную культуру, гэта актуальна для Беларусі, як і для любой іншай краіны. Менавіта мастацтва і культура ствараюць нашую ўнутраную абарону, дазваляючы супрацьстаяць аўтарытарным сілам. Менавіта мастацтва і культура ўмацоўваюць нашую здольнасьць супрацьстаяць шкодным тэндэнцыям, як дэзынфармацыя, а таксама даюць нам уяўленьне, каб намаляваць вобраз новай і лепшай будучыні», — адзначыла Гэнрыетэ Борг Рэйнгольт.
У Беларускай радзе культуры адзначаюць, што запыт на падтрыманьне творчых праектаў перавысіў фінансавыя магчымасьці праграмы больш як у 6 разоў: арганізатары атрымалі 707 заявак на агульную суму амаль 13 мільёнаў эўра.
Неўзабаве стартуе другая эдыцыя праграмы ArtPower Belarus, якая дасьць «яшчэ большыя магчымасьці для творцаў», паведамілі ў Беларускай рады культуры.
Форум