Грамадзянін Беларусі Ігар Хасанаў, які ваяваў па кантракце ў расейскай арміі супраць Украіны і прапаў бязь вестак сёлета ў студзені, знаходзіцца ў шпіталі ў акупаванай Расеяй Луганскай вобласьці.
«У яго аскепкавае раненьне сярэдняй цяжкасьці. Лекары кажуць, што ўсё добра, усё загойваецца. Але насамрэч гэта ня так», — паведаміла праекту «Не жди меня из Украины» грамадзянская жонка беларуса Варвара Андрэева.
Паводле яе, Ігар Хасанаў выйшаў на сувязь праз паўтара тыдня пасьля пачатку ягоных пошукаў.
Варвара Андрэева таксама ўдакладніла, што грамадзянін Беларусі толькі з другой спробы змог падпісаць кантракт на службу ў расейскай арміі, бо першая была няўдалай — яму адмовілі праз стан здароўя.
«Па стане здароўя, яшчэ раней, калі яму адмовілі, ваенкамат ня меў права падпісваць кантракт, ведаючы ягоны дыягназ. Сутнасьць такая — кантракт склалі незаконна. Цяпер мой муж знаходзіцца ў шпіталі з аскепкавым раненьнем, мэдычнага дагляду за ім практычна няма. Тэмпэратура высокая, рана не загойваецца, адзін аскепак дасталі, а другі ўсё яшчэ знаходзіцца ў ім», — паведаміла жонка беларуса.
Паводле яе, Ігар Хасанаў пісаў рапарт аб адпачынку на імя камандзіра, але яму адмовілі. Лекары сьцьвярджаюць, што адразу пасьля шпіталя яго зноў адправяць на перадавую лінію. Варвара Андрэева цяпер спрабуе шукае дапамогу, каб дабіцца новага мэдычнага заключэньня, вярнуць на тэрыторыю Расеі для лячэньня і рэабілітацыі.
Дыягназу, празь які Хасанаву першапачаткова адмовілі ў падпісаньні кантракту, Варвара Андрэева не назвала.
Хасанаў служыў у мотастралковым падразьдзяленьні сухапутных войскаў Расеі, вайсковая частка 52033 — гэта палявая частка, якая падпарадкоўваецца вайсковай частцы 02511, што дысьлякуецца ў пасёлку Каменка Ленінградзкай вобласьці. Аб ягоным зьнікненьні стала вядома ў канцы лютага.
5 сакавіка стала вядома яшчэ пра двух беларусаў, якія прапалі бязь вестак і таксама служылі па кантракце ў палявых фармаваньнях вайсковай часткі 02511.
Расейскія вайскоўцы з часткі 02511 ваююць ва Ўкраіне ад пачатку расейскага ўварваньня ў Данецкую вобласьць, якое адбылося ў 2014 годзе. Апроч таго, фармаваньні гэтай часткі ваявалі ў Прыднястроўі, у Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, а таксама ўдзельнічалі ў ваеннай апэрацыі ў Сырыі.
Згодна са статыстыкай, у групу, створаную ў траўні 2024 году для дапамогі сваякам вайскоўцаў, якія служылі ў палявых фармаваньнях вайсковай часткі 02511, напісалі 34 352 паведамленьні, у тым ліку 640 — за апошні тыдзень.
Форум