Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў зьвесткі пра новыя суды над палітвязьнямі, якія ўжо адбываюць пакараньне.
Праваабаронцам вядома пра 53 палітвязьняў, якія сутыкнуліся з абвінавачаньнем у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы», якія выстаўляюць зьняволеным па сукупнасьці дысцыплінарных спагнаньняў (артыкул 411 Крымінальнага кодэксу).
Сярод іх як мінімум 8 палітвязьняў, якія працягваюць адбываць пазбаўленьне волі ў сувязі з прысудам па гэтых абвінавачаньнях.
Паводле праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі, 411-ы артыкул шырока прымяняецца менавіта да палітвязьняў.
«Робіцца, каб зламаць унутраны стрыжань»
Леанід Судаленка, які быў асуджаны на тры гады і паўтара зь іх прабыў у калёніі «Віцьба-3» па палітычна матываваным прысудзе, успамінае, што за гэты час ня чуў пра выкарыстаньне 411-га артыкула супраць звычайных асуджаных. На думку праваабаронцы, гэты мэтад ціску выбраны ўладамі адносна палітвязьняў менавіта за іхную палітычную пазыцыю і тое, што яны ад яе не адмаўляюцца.
«Пераважна ўжываюць 411-ы артыкул супраць вядомых, знакавых палітвязьняў», — зазначыў Леанід Судаленка і нагадаў пра Сяргея Ціханоўскага.
«Калі Ціханоўскаму дадалі паўтара года паводле 411-га артыкула, гэта ж не для таго, каб ня выпусьціць зь вязьніцы. У Ціханоўскага ўжо было 18 гадоў. Гэта каб псыхалягічна зламаць чалавека, разбурыць той унутраны стрыжань, які дазваляе трымацца насуперак усяму. А яшчэ каб зрабіць невыноснымі ўмовы ўтрыманьня. Бо пасьля суду паводле 411-га артыкула для асуджаных упершыню заўсёды будзе перавод у іншую, больш жорсткую вязьніцу», — патлумачыў Леанід Судаленка.
Праваабаронца кажа, што суды паводле 411-га артыкула КК праходзяць «на аўтамаце».
«Якія там правы, якія доказы? Мяркую, як адміністрацыя калёніі падрыхтуе дакумэнты на палітвязьня, чаго пракурор запросіць, тое судзьдзя і „выпіша на аўтамаце“. Выбар хіба толькі паміж тым, год дададуць да былога тэрміну ці два. Ня ведаю ніводнага выпадку, каб апраўдалі ці адправілі справу паводле 411-га артыкула на новае расьсьледаваньне», — расказаў Свабодзе Леанід Судаленка зь «Вясны».
Паводле «Вясны», у лютым 2025 году працягвалася і практыка судоў над палітвязьнямі за былыя нібыта злачынствы. Так, супраць палітвязьня Кірыла Вевеля, раней асуджанага на 3 гады пазбаўленьня волі, завялі новую крымінальную справу праз абвінавачаньне ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні».
- Колькасьць палітычных зьняволеных на 5 сакавіка склала 1222 чалавекі. За люты праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 39 чалавек.
- Таксама 16 чалавек былі прызнаныя палітвязьнямі постфактум, паколькі інфармацыя пра іх адвольнае затрыманьне стала вядомая толькі пасьля іх вызваленьня.
- Колькасьць былых палітвязьняў перавышае 2540 чалавек.
- Усяго, як паведамляюць праваабаронцы, з 2020 году сама меней 8092 чалавекі сутыкнуліся з крымінальным перасьледам з палітычных матываў.
- У дачыненьні ня менш як да 6673 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Мінімум 33 чалавек суды накіравалі на прымусовае лячэньне.
Форум