Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп падпісаў указ, які надае ангельскай мове статус афіцыйнай у ЗША


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у суботу падпісаў указ аб прызнаньні ангельскай мовы адзінай афіцыйнай мовай краіны. Раней «афіцыйнай» мовы ў ЗША на фэдэральным узроўні не існавала. Ангельская была прызнана афіцыйнай мовай толькі ў 32 штатах.

Указ Трампа адмяняе фэдэральнае патрабаваньне прэзыдэнта Біла Клінтана, паводле якога агенцтвы і іншыя атрымальнікі фэдэральных сродкаў аказвалі моўную дапамогу асобам, якія не размаўляюць па-ангельску.

Цяперашні ўказ — перамога руху «Толькі ангельская», які змагаецца за абмежаваньне двумоўнай адукацыі ў ЗША і зьмяншэньне іміграцыі, зазначае The New York Times.

У дакумэнце сказана, што прызнаньне ангельскай афіцыйнай мовай «спрыяе адзінству, павышае эфэктыўнасьць дзяржаўнага кіраваньня і пракладае шлях да грамадзянскай актыўнасьці».

Прыхільнікі Трампа вітаюць указ.

«Гэта вялізны крок, — напісаў у сацсетцы кансэрватыўны палітычны актывіст Чарлі Кірк. — У эпоху масавай іміграцыі прызнаньне ангельскай мовай Амэрыкі гаворыць аб нацыянальным адзінстве».

Аднак ва ўказу ёсьць і праціўнікі. Парлямэнцкі прадстаўнік у справах меншасьцяў Гакім Джэфрыс заявіў, што, як і многія распараджэньні Трампа, гэты ўказ неабходна праверыць на адпаведнасьць амэрыканскім законам і Канстытуцыі. Калі будзе выяўленая неадпаведнасьць, указ павінен быць аспрэчаны ў судзе.

Моладзевы гурт United We Dream адзначыў, што за ўсю гісторыю ЗША ў краіне не было афіцыйнай мовы.

«З усёй непавагай гаворым: No gracias [Не, дзякуй — гішп.], — заявіла прэсавая сакратарка гурту Анабэль Мэндоса. — Трамп хоча намаляваць мішэнь на сьпінах чарнаскурых і каляровых імігрантаў і супольнасьцяў, якія маюць зносіны на розных мовах. Мы гэтага не пацярпім».

  • Найбольш распаўсюджаная мова ў ЗША, паводле наяўных зьвестак, ангельская, на ёй размаўляюць 245 млн жыхароў краіны. Другая пазыцыя ў гішпанскай мовы, на ёй маюць зносіны 42 мільёны жыхароў. На трэцім месцы па ўжываньні знаходзіцца кітайская мова зь некалькімі сваімі асноўнымі дыялектамі (3,4 мільёна жыхароў).
  • Ужо празь некалькі гадзін пасьля інаўгурацыі Трампа 20 студзеня з сайту Белага дому была выдаленая гішпанамоўная вэрсія.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG