Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп увядзе тарыфы на тавары з Мэксыкі, Канады і Кітаю


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прапанаванае ім мыта ў памеры 25% на мэксыканскія і канадзкія тавары набудзе моц у аўторак 4 сакавіка разам з дадатковым мытам у 10% на кітайскі імпарт, бо з гэтых краінаў у ЗША па-ранейшаму паступаюць сьмяротныя наркотыкі.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Трамп у гутарцы з журналістамі ў Авальным кабінэце Белага дому паведаміў, што сукупнае мыта на кітайскі імпарт складзе 20%.

Да гэтага прэзыдэнт ЗША абвясьціў пра новае мыта на кітайскі імпарт у паведамленьні ў сваім акаўнце на плятформе Truth Social.

У гэтым паведамленьні Трамп расказаў, што наркотыкі па-ранейшаму паступаюць у ЗША ў «вельмі вялікіх і непрымальных колькасьцях», прычым вялікая частка зь іх — фэнтаніл, сьмяротны апіёід.

Трамп растлумачыў журналістам, што вырашыў увесьці дадатковае мыта для Кітаю і ўсё ж такі ўвесьці тарыфы для тавараў з Канады і Мэксыкі, хоць і ў самы крайні тэрмін — у аўторак.

Адміністрацыя Белага дома ня ўбачыла дастатковага прагрэсу ў стрымліваньні патокаў фэнтанілу ў ЗША. На пытаньне, ці дамагліся Мэксыка і Канада дастатковага прагрэсу ў стрымліваньні паставак фэнтанілу ў ЗША, Трамп адказаў: «Я наогул гэтага ня бачу».

Пры гэтым прадстаўнік Белага дому паведаміў агенцтву Reuters, што «перамовы з Кітаем, Мэксыкай і Канадай вядуцца».

У Канадзе міністар грамадзкай бясьпекі Дэвід Макгінці заявіў у чацьвер, што прагрэс, дасягнуты Канадай ва ўзмацненьні жорсткасьці бясьпекі ўздоўж мяжы са Злучанымі Штатамі і ў барацьбе з кантрабандай наркотыкаў, павінен задаволіць адміністрацыю Трампа.

Крыніцы Reuters паведамілі, што Мэксыка выдасьць Злучаным Штатам наркабарона Рафаэля Кара Кінтэру, які быў асуджаны ў 1985 годзе за забойства агента Ўправы па барацьбе з наркотыкамі ЗША, але затым быў у 2013 годзе вызвалены і вярнуўся да гандлю наркотыкамі.

Да гэтага часу старшыня КНР Сі Цзіньпін ня ўдзельнічаў у перамовах пра фэнтаніл. Замест гэтага ён у адказ па падвышэньне мыта Вашынгтонам падвысіў на 10% мыта на амэрыканскае сельскагаспадарчае абсталяваньне.

Аднак Пэкін можа аказаць мацнейшы супраціў, калі новыя тарыфы Трампа дасягнуць 20% на ўвесь імпарт у ЗША з Кітаю, які летась склаў 439 мільярдаў даляраў.

Пры гэтым Кітай змагаецца з крызісам на рынку нерухомасьці і слабым унутраным попытам, у той час як інфляцыю ў ЗША пакуль не ўдаецца зьнізіць.

Паводле дадзеных амэрыканскага Цэнтру па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў, у 2023 годзе ў ЗША ад сынтэтычных апіёідаў памерлі 72 776 чалавек, у асноўным ад фэнтанілу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG