Шматгадовым кіраўніком Ровенскай абласной арганізацыі беларусаў быў Мікола Пашкевіч, які працаваў галоўным інжынэрам у Ровенскім дзяржаўным гуманітарным унівэрсытэце.
Апошняя публічная падзея, у якой ён удзельнічаў, адбылася ў кастрычніку 2021 году, калі Таварыства польскай культуры адзначала сваё 25-годзьдзе ў Здалбунаве.
У красавіку 2022 году сям’я Міколы Пашкевіча паведаміла, што ў яго праблемы з сэрцам і заклікала ягоных калег па ўнівэрсытэце дапамагчы са зборам сродкаў на правядзеньне апэрацыі.
Тэлефонны нумар, на які была зарэгістравана абласная філія беларускай дыяспары, ужо належыць іншаму чалавеку. Ва ўнівэрсытэце Свабодзе паведамілі, што Мікола Пашкевіч у іх больш не працуе.
У той жа час галоўная арганізацыя — Усеўкраінскае аб’яднаньне «Беларусь» — усё яшчэ мае юрыдычную рэгістрацыю. Яна была заснаваная 31 сакавіка 2000 году, яе сядзіба знаходзілася ў Харкаве. З 2011 году яе ачольваў Віктар Камісарук, а памяшканьне даваў Інстытут мікрабіялёгіі і імуналёгіі імя Мечнікава. Тэлефонныя нумары, якія згадваюцца ў рэгістрацыйных дакумэнтах дыяспары, цяпер таксама належаць іншым людзям.
У Інстытуце мікрабіялёгіі і імуналёгіі імя Мечнікава сьцьвярджаюць, што ўжо даўно не даюць беларускай дыяспары памяшканьне і ня ведаюць, дзе цяпер знаходзіцца яе кіраўнік Віктар Камісарук. Ён мае старонку ў сацыяльнай сетцы Facebook, у якой падпісаны на старонкі МЗС Беларусі і Мікалаеўскай абласной арганізацыі беларусаў «Голас Радзімы», кіраўніца якой загінула ў сакавіку 2022 году пасьля расейскага абстрэлу.
Сярод ягоных сяброў былі беларускі актывіст Сяргей Бульба і колішні дэпутат Валер Варанецкі. Але старонка Віктара Камісарука не абнаўляецца са сьнежня 2020 году. У апошняй публікацыі яго віншавалі з днём спэцыяльных службаў і органаў бясьпекі Расеі.
З публікацый, разьмешчаных на старонцы Віктара Камісарука, вынікае, што ён зьяўляецца прыхільнікам ідэі адзінства трох славянскіх народаў. У 2019 годзе ён наведваў Менск для ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі «Идея рода в стратегии Русского Славянского Мира».
29 сьнежня 2016 году Віктар Камісарук зарэгістраваў разам з грамадзянінам Беларусі Аляксандрам Драгуном (яго тэлефон цяпер таксама не адказвае) Цэнтар культурнай і дзелавой супрацы «Славянскі альянс». Рэгістрацыя гэтай грамадзкай арганізацыі, якая цяпер зарэгістраваная ў Кіеве (першапачатковая была ў Івана-Франкоўскай вобласьці. — РС) таксама дагэтуль дзейсная.
Як вынікае з адкрытых дзяржаўных рэестраў Украіны, таксама працягвае дзейнасьць Сумскае абласное аддзяленьне Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Беларусь», кіраўніком якога зьяўляецца Мікола Грудэня. Тэлефон, які пазначаны ў рэгістрацыйных дакумэнтах, як і ва ўсіх вышэйшых выпадках належыць чалавеку, які ня мае дачыненьня ні да арганізацыі, ні да яе кіраўніцтва. Сумы і Сумская вобласьць штодня цярпяць ад інтэнсіўных расейскіх абстрэлаў.
Да вайны гэтая дыяспарная арганізацыя супрацоўнічала з уладамі Беларусі, а яе прадстаўнікі неаднаразова ўдзельнічалі ў імпрэзах, арганізаваных МЗС Беларусі. Цяпер у публічнай прасторы інфармацыі аб рэальнай дзейнасьці гэтай арганізацыі няма.
Форум