Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку году рэзка павялічыліся аб’ёмы кантрабанды цыгарэт зь Беларусі ў Літву


Кантрабандныя цыгарэты, перахопленыя літоўскімі памежнікамі
Кантрабандныя цыгарэты, перахопленыя літоўскімі памежнікамі

З пачатку 2025 году памежнікі Літвы перахапілі больш за 2 млн 83 тысячы пачкаў нелегальных цыгарэт, тады як за ўвесь 2024 год — 1,4 млн, паведамляе прэс-служба Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Літоўскія памежнікі адзначаюць значнае павелічэньне колькасьці кантрабандных цыгарэт, увезеных з Латвіі і перахопленых імі. За ўвесь 2024-ы супрацоўнікамі службы было перахоплена 111 тысяч пачкаў такіх цыгарэт, а за два месяцы 2025 году — больш за 1 млн 778 тыс.

Ведамства прывяло прыклад: у Вільні на тэрыторыі склада памежнікі знайшлі амаль 90 тыс. пачкаў беларускіх цыгарэт на амаль 400 тысяч эўра. На складзе памежнікі затрымалі трох мужчын, у тым ліку грамадзяніна Беларусі, які пражывае ў Польшчы, але мае рэгістрацыю ў Літве.

Двойчы з пачатку году падазраваныя ў кантрабандзе жыхары краін ЭЗ у спробе ўцячы ад памежнікаў зьбівалі іх машынамі. Апошні выпадак здарыўся 27 лютага, літоўскі памежнік дастаўлены ў лякарню. Ён перасьледаваў аўтамабіль, у якім знаходзілася двое грамадзян Латвіі, якія ноччу на лузе ў сельскай мясцовасьці забралі паветраны шар, які прыбыў з Беларусі, з 1,5 тыс. пачкаў беларускіх цыгарэт і прымацаванай GPS-прыладай. Падазраваных у кантрабандзе затрымалі, завялі крымінальную справу.

Аналягічны выпадак адбыўся 29 студзеня ў лясной зоне Варэнскага краю Літвы, калі было знойдзена столькі ж пачкаў цыгарэт NZ Gold, дастаўленых на паветраным шары зь Беларусі з GPS-навігатарам.

У 2024 годзе літоўскія памежнікі канфіскавалі 1 млн 386 тыс. 714 пачкаў кантрабандных цыгарэт, зь іх 1,2 млн — беларускай вытворчасьці, паведамляла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Адзначаецца, што сума папярэджанай шкоды дзяржаве склала амаль 5,4 млн эўра, а цана канфіскаваных тытунёвых вырабаў — больш за 6,1 млн эўра.

Па дадзеных ведамства, у параўнаньні з 2023 годам колькасьць канфіскаваных пачкаў цыгарэт зьменшылася ў 1,7 раза (было 2,5 млн пачкаў), а ў параўнаньні з 2022-м — больш чым у тры разы (4,3 млн).

Ініцыдэнт у Польшчы

Памежная служба Польшчы паведаміла 25 лютага, што абʼект, да якога была прывязаная партыя цыгарэт, прабіў дах дома ў гміне Шудзялова (Сакульскі павет Падляскага Ваяводзтва). Груз складаў больш за 1,5 тыс. пачкаў цыгарэт бяз польскіх акцызных марак агульным коштам больш за 26 тыс. злотых (6,6 тыс. даляраў). Заведзена крымінальная справа, сьледчыя шукаюць тых, хто мае дачыненьне да адпраўкі і атрыманьня грузу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG