Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Экспэрты ЭБРР далі прагноз росту эканомікі Беларусі на 2025–2026 гады. Ён больш пэсымістычны за чаканьні ўладаў

Экспэрты ЭБРР далі прагноз росту эканомікі Беларусі на 2025–2026 гады. Ён больш пэсымістычны за чаканьні ўладаў


Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) прагназуе, што рост ВУП Беларусі ў 2025-м складзе 2,5%, гаворыцца ў новай справаздачы «Пэрспэктывы рэгіянальнай эканомікі», апублікаванай 27 лютага. Такі ж прагноз — рост ВУП на 2,5% — экспэрты даюць і на 2026 год.

У справаздачы адзначаецца, што рэальны рост ВУП Беларусі ў 2024 годзе, паводле афіцыйнай статыстыкі, дасягнуў 4%.

«Гэта абумоўлена ростам прамысловасьці, будаўніцтва і гандлю ў кантэксьце працяглых намаганьняў у імпартазамяшчэньні і росту залежнасьці ад расейскай эканомікі. Аднак экспарт тавараў павялічыўся ўсяго на 1,2% на фоне санкцыяў і парушаных гандлёвых шляхоў. Між тым імпарт вырас на 6,1%, што павялічыла гандлёвы дэфіцыт», — гаворыцца ў справаздачы ЭБРР.

У аглядзе таксама адзначаецца, што інфляцыя ў Беларусі зьнізілася да 5,2% к канцу 2024 году. Паводле экспэртаў, гэтаму спрыяў «па-ранейшаму актыўны кантроль над цэнамі» з боку дзяржавы.

«Чаканае запаволеньне расейскай эканомікі адлюстроўваецца ў больш нізкім прагназаваным росьце ВУП у Беларусі на 2,5% у 2025 і 2026 гадах з высокімі рызыкамі пагаршэньня пэрспэктываў», — гаворыцца ў аглядзе.

Прагноз ЭБРР на 2025–2026 гады не зьмяніўся ў параўнаньні з папярэднім дакладам, які выйшаў у верасьні 2024 году.

Згодна з асноўнымі прагнознымі парамэтрамі разьвіцьця Беларусі на 2025 год, улады плянуюць дасягнуць росту ВУП да 4,1%.

У студзені 2025 году, паводле афіцыйнай статыстыкі, валавы ўнутраны прадукт Беларусі павялічыўся на 3,7% да аналягічнага пэрыяду 2024 году.

  • Згодна з прагнозам Эўразійскага банку разьвіцьця ад 5 сьнежня 2024 году, рост эканомікі Беларусі ў наступныя гады замарудзіцца. Спэцыялісты ЭАБР лічаць, што па выніках 2025 году ВУП вырасьце на 2,6%, па выніках 2026 году — на 1,9%, 2027-га — на 1,5%.
  • Міжнародны валютны фонд у кастрычніцкім дакладзе 2024 году прагназаваў, што ў 2025 годзе рост эканомікі Беларусі складзе 2,3%.
  • Сусьветны банк у кастрычніку 2024 году выдаў прагноз, згодна зь якім беларуская эканоміка ў 2025 годзе павінна вырасьці на 1,2%.
  • Дасьледчы цэнтар BEROC у лістападзе 2024 году прагназаваў, што тэмпы росту ВУП у Беларусі могуць зьнізіцца з 4,3% сёлета да 1,5–2,5% у 2025 годзе. У студзені 2025 году экспэрты цэнтру казалі, што на працягу 2025 году рост эканомікі «будзе запавольвацца і па выніках складзе 1,5–2%», прагназуе экспэрт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG