Сьцісла:
- Ніякіх рэальных крокаў у напрамку аслабленьня санкцыяў пакуль ня зроблена.
- У цяперашняй палітычнай сытуацыі Эўразьвяз ня схільны паўтараць крокі ЗША.
- Без заходніх санкцыяў, ужытых супраць Беларусі, ракет на Ўкраіну ляцела б значна больш.
- Лукашэнку стрымлівае страх за магчымыя наступствы ягоных крокаў.
— Наколькі вялікае значэньне і аб’ём менавіта санкцый ЗША ў агульным масіве санкцый супраць афіцыйнага Менску? Тавараабарот Беларусі з Эўропай нашмат большы, чым з ЗША. Але наколькі важна для беларускай эканомікі, калі ЗША, маючы зусім іншую пазыцыю пры новай адміністрацыі, раптам адменяць усе свае санкцыі?
— Галоўная розьніца паміж санкцыямі ЗША і Эўразьвязу ў тым, што ЗША — гэта пераважна валютныя санкцыі, а Эўразьвяз — гандлёвыя. Бо, сапраўды, маштабы ўзаемнага гандлю Беларусі з ЗША заўсёды былі даволі невялікія — і, адпаведна, найбольшы ўплыў маюць тыя амэрыканскія санкцыі, якія забараняюць разьлікі ў далярах.
Тут уплыў даволі прыкметны, бо нават калі ты знойдзеш пакупніка на нейкі падсанкцыйны тавар, які хочаш экспартаваць, то ён прапануе табе плаціць, напрыклад, расейскімі рублямі, якія табе ня вельмі патрэбныя. Адпаведна, пераводы валютаў, пошук розных шляхоў — усё гэта ўплывае на канчатковую цану тавару, істотна яе павялічвае.
Калі тыя ж расейскія ці беларускія прадпрыемствы знаходзяць нейкія шляхі абыходу санкцыяў, прыдумляюць нейкія схемы — то ўсе гэтыя схемы нясуць дадатковыя выдаткі. Трэба наняць дырэктара, бухгальтара, зарэгістравацца і гэтай далей. І пры гэтым у любы момант нехта можа разгадаць гэтую схему, выкрыць яе.
Калі ўявіць, што ЗША адменяць усе свае банкаўскія санкцыі — то так, будзе прасьцей разьлічвацца. Але нельга сказаць, што гэта цалкам перакуліць усе «правілы гульні». І я б на месцы афіцыйнага Менску на гэта надта б не разьлічваў. Бо пакуль, нягледзячы на ўсю рыторыку Трампа, ніякіх рэальных крокаў на аслабленьне санкцыяў ня зроблена. І мы ня бачым пакуль ніякіх падставаў, што гэта можа быць адменена.
— Наколькі значны ўплыў ЗША на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў? Калі ЗША ў рамках нейкай палітычнай угоды адменяць санкцыі — то беларускі калій вернецца на рынкі зь лепшымі пазыцыямі? Ці могуць ЗША націснуць на Літву, каб яна зноў дазволіла прапускаць беларускі калій праз свой порт Клайпеда, бо гэта таньней?
— Калі за беларускі калій можна будзе разьлічвацца ў далярах, то — так, гэта спрашчае разьлікі. Але гэта ня значыць, што ў цяперашняй палітычнай сытуацыі Эўразьвяз зробіць усё тое, што ім скажуць ЗША. Наадварот, зараз Эўразьвяз прымае 16-ы пакет санкцыяў, дзе ўводзіць санкцыі супраць «Інтэграла», які працуе на вайсковую прамысловасьць Расеі.
І калі Эўразьвяз ня здыме санкцыі, то хто будзе купляць беларускі калій? Паўночнаамэрыканскі рынак заняты Канадай.
— Можа, Трамп са спэцыфікай свайго палітычнага стылю якраз можа дапусьціць беларускі калій на амэрыканскі рынак — менавіта насуперак Канадзе, каб беларускі калій склаў канкурэнцыю канадзкаму?
— Усё ж ня варта перабольшваць палітычную і эканамічную значнасьць гэтай тэмы для ЗША. Наўрад ці Трамп думае менавіта пра такія павароты беларускай тэмы. І ўвогуле — што ў Лукашэнкі ёсьць такога, што ён можа даць Трампу?
— Эўразьвяз, сапраўды, увёў санкцыі супраць «Інтэграла», паколькі «Інтэграл» працуе на расейскі ВПК. Як паказала расьсьледаваньне BelPol’а, на расейскую армію працуюць і іншыя прадпрыемствы, супраць якіх санкцыі пакуль ня ўведзеныя. Ці ёсьць, на вашу думку, сэнс у павелічэньні санкцыяў, уключэньні ў іх усіх тых беларускіх прадпрыемстваў, якія так ці інакш працуюць на расейскую вайсковую вытворчасьць? Нават тыя, якія проста шыюць форму расейскім вайскоўцам?
— Ёсьць пэўны кансэнсус, што санкцыі патрэбныя не па нейкіх канкрэтных прадпрыемствах — бо адразу пачынаюцца спробы іх абыйсьці, стварыць на паперы іншыя прадпрыемствы. Трэба рабіць падсанкцыйным пэўны кірунак, сэктар, тавар.
Напрыклад, калі для нейкіх ракет выкарыстоўваецца пэўная мікрасхема, і для яе вырабу патрэбны нейкі элемэнт, нейкая дэталь, то трэба забараняць і транзыт, і продаж гэтага элемэнта кім бы там ні было на тэрыторыю Расеі і Беларусі.
Зараз абмяркоўваюцца кантролеры для бесьпілётнікаў, частка хімічных элемэнтаў, паліўных матэрыялаў, праграмнага софту. Гэта цэлы сьпіс тавараў і тэхналёгіяў. Вось гэта, на мой погляд, мае сэнс. Бо ўсё роўна, як гучыць назва прадпрыемства — любая дэталь з такога сьпісу не павінна пастаўляцца ў Расею і Беларусь.
Так, ты можаш спрабаваць гэта абысьці, купіць гэта ў трэцяй, чацьвёртай, пятай краіне, але гэта ўсё зробіць пастаўку даўжэйшай і даражэйшай. У канчатковым выніку гэта паўплывае і на вайсковую моц Расеі.
— То бок беларускія прадпрыемствы, якія працуюць на вайсковую прамысловасьць Расеі, дагэтуль закупляюць нейкія элемэнты ў Эўропе?
— Так. Бо калі б гэта можна было таньней і хутчэй купляць у Інданэзіі і Малайзіі, яны б даўно купілі там. І калі дагэтуль закупляюць у Эўропе некаторыя элемэнты, то гэта значыць, што там найлепшы варыянт.
Можна шукаць абходны шлях, але на гэта спатрэбяцца месяцы. Трэба стварыць структуры ў трэцяй юрысдыкцыі, даслаць туды юрыстаў, наняць іх, знайсьці людзей, якім можна давяраць, бухгальтараў, дачакацца рэгістрацыі, абгрунтаваць пастаўшчыкам, што цяпер вы будзеце прадаваць гэта ім, а яны нам, і гэтак далей. Хтосьці на гэта не пагодзіцца, скажа, што мы ня хочам рызыкаваць.
Усё гэта ўплывае на вайсковую вытворчасьць. Бяз гэтых санкцый ракет на Ўкраіну ляцела б нашмат больш.
Мне падаецца, што, калі б Лукашэнку прапанавалі зьнішчыць тры тысячы апазыцыянэраў, а пасьля гэтага, маўляў, краіна канчаткова супакоіцца і будзе паслухмянай — ніякая мараль яго б не спыніла. Адзінае, што яго стрымлівае, — гэта страх наступстваў. Ён памятае, што ў свой час у Югаславіі, дзе былі этнічныя чысткі, Захад быў вымушаны пачаць бомбавыя ўдары, каб спыніць гэта. Мне падаецца, Лукашэнку толькі гэта і стрымлівае — страх за магчымыя наступствы сваіх дзеяньняў.
— Апошнім часам дыскусія пра санкцыі і іх магчымую адмену вельмі ажыўлена вядзецца сярод беларускіх дэмакратычных сілаў. Як на гэтую дыскусію можа паўплываць новая палітыка амэрыканскай адміністрацыі?
— Магчымая адмена амэрыканскіх санкцыяў найперш паўплывае на спосаб разьлікаў. Але тут лукашэнкаўская адміністрацыя ўжо прыстасавалася — рабіць разьлікі праз крыптавалюты і праз падстаўныя фірмы.
Што тычыцца аб’ёмаў гандлю, то тут, паўтаруся, у ЗША зь Беларусьсю вельмі невялікі ўзаемны гандаль, а з Эўразьвязам да 2022 году, да вайны, Беларусь мела да 30 працэнтаў ад агульнага сальда. І Эўропа пакуль не падае ніякіх прыкметаў, што зьбіраецца адмяняць санкцыі.
Я пакуль ня бачу ніякіх прычынаў для ЗША, каб адмяніць санкцыі і на 180 градусаў разьвярнуць сваю палітыку да Беларусі. Вядома, калі скончыцца вайна — то гэта істотна паўплывае на сытуацыю. Тады, цалкам магчыма, будуць адмененыя тыя санкцыі, якія ўводзіліся ў сувязі з вайной. Але ў тым выпадку магчымыя такія зьмены, на тле якіх санкцыі будуць ня самай важнай праблемай.
Форум