Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нехта сказаў, што па нас могуць страляць». Тры гады таму ў Беларусі былі апошнія дагэтуль масавыя пратэсты. Пагаварылі зь іх удзельніцамі


Кветкі ля будынку амбасады Ўкраіны ў Менску, 27 лютага 2022 году, архіўнае фота
Кветкі ля будынку амбасады Ўкраіны ў Менску, 27 лютага 2022 году, архіўнае фота

24 лютага 2022 году ва Ўкраіне пачалася паўнавартасная вайна. Праз тры дні пасьля яе пачатку, у дзень галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмене Канстытуцыі, беларусы масава выйшлі на пратэст. Расказваем, які ён быў.

24 лютага 2022 году Расея распачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, якую атакавалі ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. У краіне на той момант ужо зачысьцілі грамадзянскую супольнасьць, ліквідавалі недзяржаўныя арганізацыі, практычна зьнішчылі незалежныя СМІ. Дзясяткі тысяч актыўных праціўнікаў Лукашэнкі былі вымушаныя выехаць за мяжу.

Усяго празь некалькі дзён пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ў Беларусі павінен быў адбыцца рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі, яго ўлады прызначылі на нядзелю, 27 лютага. Якраз у гэты дзень у Беларусі прайшла апошняя на дадзены момант масавая хваля пратэстаў, удзельнікі якой выказалі сваю нязгоду як з прапанаванымі зьменамі ў Канстытуцыю Беларусі, так і з саўдзелам беларускіх уладаў у агрэсіі супраць Украіны. Толькі паводле спраўджаных праваабаронцамі дадзеных, за два дні 27–28 лютага ў Беларусі было затрымана больш за 1100 чалавек. За краты трапілі мінімум 630 зь іх.

«Не — вайне» на бюлетэнях

Затрыманьні ўдзельнікаў антываенных пратэстаў пачаліся днём 27 лютага. Людзі пісалі «Не — вайне!» на бюлетэнях, зьбіраліся каля выбарчых участкаў, выказвалі сваю нязгоду наконт сытуацыі ва Ўкраіне і атакаў з боку Беларусі. Масавая акцыя пратэсту прайшла ў Менску каля Генэральнага штабу. Там, паводле праваабаронцаў, затрымалі каля 800 чалавек. Затрыманьні працягваліся і на наступны дзень, 28 лютага, калі людзі зьбіраліся на чыгуначным вакзале ў Менску.

Антываенныя пратэсты адбываліся ня толькі ў сталіцы Беларусі, але і ў невялікіх мясцовасьцях. У Шуміліне затрымалі мясцовую жыхарку, якая расклала на сталах камісіі аркушы з надпісам «Супраць вайны».

З адзіночнымі пікетамі людзі выходзілі ў Вушачы, Талачыне, Кобрыні, Жодзіне, Лідзе, Дубровенскім раёне, Дрыбіне, Мазыры, Докшыцах, Бярозе. Пратэстоўцаў за плякаты «Не — вайне» ці вокліч «Слава Ўкраіне» каралі суткамі арышту. У Бабруйску за жоўта-блакітную стужку ў валасах затрымалі настаўніцу адной зь мясцовых школаў. Справа скончылася для яе звальненьнем і штрафам.

Удзельніца пратэсту 27 лютага 2022 году на вуліцы Менску, архіўнае фота
Удзельніца пратэсту 27 лютага 2022 году на вуліцы Менску, архіўнае фота

«Страху не было»

Аксана (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) удзельнічала ў акцыі каля Генэральнага штабу ў Менску 27 лютага. У размове са Свабодай яна згадвае, што на працягу некалькіх дзён ад пачатку поўнамаштабнай вайны перапісвалася зь сябрамі і знаёмымі. Усе яны плянавалі разам выйсьці на публічную акцыю 1 сакавіка. Але потым прачыталі ў тэлеграм-каналах пра заклік выходзіць 27 лютага да Генэральнага штабу і вырашылі далучыцца. Аксана згадвае, што пайшла на акцыю пратэсту без тэлефона. Калі мінала будынак Генэральнага штабу, то бачыла групы людзей па 10–15 чалавек, якія кіраваліся ў бок месца правядзеньня акцыі. Згадвае, што бачыла сілавікоў, якія рыхтаваліся да затрыманьняў.

«Але страху не было, бо была сытуацыя, калі немагчыма ня выказацца, нягледзячы на наступствы, якія ўсе ўдзельнікі ўсьведамлялі. На той момант у краіне як мінімум год не было публічных акцый. Я толькі баялася, што выйдзе мала хто, бо тады ж тысячы актыўных ужо зьехалі за мяжу, усе былі запалоханыя. Таму вельмі зьдзівілася і ўсьцешылася, мяне гэта падтрымала, што выйшла шмат людзей», — расказвае Аксана.

Яна згадвае, што акцыя не была доўгай, амаль адразу пачаліся затрыманьні, і ўдзельнікі акцыі апынуліся спачатку ў аўтазаках, а потым у гаражы Ленінскага раённага ўпраўленьня ўнутраных спраў (РУУС). У самім будынку міліцыі ўжо не было месца для затрыманых.

«У гаражы была прыязная атмасфэра. Усе разумелі, чаму яны тут апынуліся, таму знаёміліся паміж сабой і падтрымлівалі адзін аднаго», — згадала Аксана.

Паводле яе словаў, сярод амапаўцаў не было ідэйных, сілавікі ставіліся да затрыманых «з пафігізмам».

«Калі адзін зь іх выводзіў людзей курыць і людзі пачалі казаць: «Як вам ня сорамна, што з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты», то ён адказваў у такім духу: «Ды мне наогул пляваць, што там Расея ці Ўкраіна, мне праз два гады на пэнсію». То бок нейкага імпэту ў іх не было, яны казалі, што «гэта проста наша праца», — падзялілася Аксана.

Суразмоўца згадвае, што міліцыянты сабралі зьвесткі пра затрыманых і вывучылі зьмест іх тэлефонаў, каб напісаць пратаколы за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Затым усіх запісалі на відэа. Паколькі Аксана мела на той момант непаўналетняе дзіця, яе, як і іншых такіх жанчын, адпусьцілі каля шостай раніцы дахаты. Затым жанчына атрымала вялікі штраф.

«Мяне падтрымала тое, што выйшла шмат людзей. Для нас на той момант любыя рызыкі былі ніжэйшыя, чым жаданьне выказаць сваю нязгоду з тым, што адбываецца. Я ўбачыла, што, нягледзячы ні на што, людзі разумеюць, дзе праўда, а дзе хлусьня і зло», — падсумоўвае суразмоўца.

Пратэст супраць расейскай агрэсіі ў Менску 27 лютага 2022 году, архіўнае фота
Пратэст супраць расейскай агрэсіі ў Менску 27 лютага 2022 году, архіўнае фота

«Я сама вырашыла сысьці з унівэрсытэту»

Ніна (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) на момант антываенных акцый 27–28 лютага 2022 году была студэнткай. Але ўсё адно вырашыла ісьці на пратэст. Ніна расказвае, што, з аднаго боку, было адчуваньне адчаю, з другога — надзеі.

«Усё ж такі гэта былі першыя масавыя акцыі за доўгі час, і нягледзячы на трагедыю, якая іх справакавала, людзі відавочна былі ўсьцешаныя бачыць сваіх аднадумцаў побач на вуліцах. Але страх таксама быў, асабліва 27 лютага каля Генштабу ён нібы вісеў у паветры. Памятаю, нехта сказаў, што па нас, пэўна, могуць страляць. Было адчуваньне, што адкрыта ўвязаўшыся ў вайну, рэжым пераступіў нейкую вельмі важную мяжу і цяпер будзе яшчэ больш жорсткі. І можа нават дайсьці да страляньня з баявой зброі па ўласных грамадзянах», — згадвае Ніна.

Яна разумела, што яе могуць затрымаць, таму падрыхтавалася — надзела на сябе некалькі слаёў адзеньня. Тады Ніна ўжо ведала, што перадачы ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна не перададуць. Думала яна і пра магчымае адлічэньне з ВНУ. Але гэтая пэрспэктыва ўжо не палохала.

«24 лютага, калі пачалася расейская агрэсія, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, я сама вырашыла сысьці з унівэрсытэту, бо не хацелася быць павязанай зь дзяржавай нават такім чынам», — згадвае суразмоўца.

Матывацыяй удзельнічаць у акцыі пратэсту Ніна называе «абсалютны жах і боль ад таго, што адбывалася ва Ўкраіне». На момант пачатку паўнавартаснай вайны там жылі яе сябры-ўцекачы, Ніна правяла ва Ўкраіне вялікую частку дзяцінства і юнацтва.

«Мне было фізычна брыдка ад таго, што на Ўкраіну наступаюць у тым ліку з тэрыторыі маёй краіны, і падавалася, што немагчыма нічога з гэтым не рабіць», — кажа былая студэнтка.

Падчас акцыі пратэсту Ніну затрымалі разам зь сябрамі. Усе зь яе кампаніі атрымалі па 15 сутак арышту.

Кветкі ля будынку амбасады Ўкраіны ў Менску, 27 лютага 2022 году, архіўнае фота
Кветкі ля будынку амбасады Ўкраіны ў Менску, 27 лютага 2022 году, архіўнае фота

Падручнікі па хіміі замест туалетнай паперы

Ніна згадвае, што пасьля затрыманьня трапіла спачатку на Акрэсьціна, потым — у Жодзіна. І там, і там, згадвае Ніна, стаўленьне адміністрацыі і кантралёраў да арыштаваных удзельнікаў антываенных пратэстаў было жудаснае.

«Супрацоўнікі ІЧУ зьдзекаваліся з нас збольшага вэрбальна, называлі здраднікамі і бандэраўцамі. Яны карысталіся тым, што падзеі ў сьвеце разьвіваліся ў той час імкліва і мы ўсе перажывалі за лёс Украіны, таму пастаянна хлусілі нам пра тое, што адбываецца. Казалі, што „ваш Зяленскі“ зьбег і хаваецца ў польскіх лясах, што расейская армія заняла Кіеў, і гэтак далей», — згадвае Ніна.

Паводле суразмоўцы, перадачы для арыштаваных былі забароненыя, і яны мусілі ўвесь час арышту праводзіць у адным і тым жа адзеньні. Матрацаў не было, людзі спалі на голых дошках ці жалезе. Камэры ў Жодзіне былі перапоўненыя. У Жодзіне, згадвае Ніна, амаль не было туалетнай паперы. Замест яе вязьням далі школьныя падручнікі па хіміі, матэматыцы і ангельскай мове.

Мэдычную дапамогу, па словах дзяўчыны, аказвалі толькі ў скрайніх выпадках. У адной жанчыны пачалося вострае запаленьне нырак, і людзі тры дні прасілі, каб ёй выклікалі хуткую.

«Супрацоўнікі ізалятара вельмі часта пілі на працоўным месцы, ладзілі сапраўдныя вечарыны з гучнай музыкай па начох, маглі падчас іх урывацца да нас у камэру і задзіраць кагосьці зь дзяўчат, адпускаць непрыстойныя камэнтары і прапаноўваць „схадзіць зь імі пакурыць“. Мы гэтага баяліся. Хлопцаў часамі білі (мы чулі празь сьцяну) і ўвогуле ставіліся да іх значна больш жорстка», — расказвае Ніна.

Яна прызнаецца, што затрыманым было вельмі цяжка. «Мая сукамэрніца павярнулася да мяне і з шклянымі вачыма сказала: „Мы, пэўна, тут памром“. У камэрах было вельмі холадна і сыра, палова нашых дзяўчат захварэлі падчас арышту — лекаў альбо не было ўвогуле, альбо іх выдавалі замала», — згадвае Ніна.

Пасьля «сутак» яна даведалася пра адлічэньне з ВНУ. Але сёньня кажа, што ні пра што не шкадуе.

«Падаецца, маё жыцьцё пераламаў у пэўным сэнсе хіба што сам пачатак вайны, бо ён канчаткова паказаў, што аніякіх стасункаў ці кампрамісаў зь дзяржавай я мець не хачу. Гэта было гераізмам з боку людзей, але такім гераізмам, які немагчыма было ня зьдзейсьніць: мы ўсе адчувалі сябе часткай вялікай трагедыі, і было фізычна немагчыма заставацца дома склаўшы рукі», — дадала Ніна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG