«Каб нападзеньне на Літву адбылося, павінны быць выкананыя дзьве ўмовы: па-першае, варожыя сілы павінны быць разгорнутыя паблізу межаў Літвы і, па-другое, павінны быць вядомы намер іх выкарыстоўваць. У цяперашні час вайсковая выведка адсочвае дзеяньні Расеі ва Ўкраіне, і няма ніякіх прыкмет перадысьлякацыі сілаў і сродкаў бліжэй да Літвы. Такім чынам, ніводная з вышэйпералічаных умоў не выконваецца», — адзначаецца ў публікацыі.
Падкрэсьліваецца, што расейская пагроза для Літвы існуе, але вайсковыя падразьдзяленьні не разьмяшчаюцца ў раёнах, якія нясуць для гэтай краіны непасрэдную пагрозу.
Адзначаецца, што ў Літве разьмешчаны два батальёны ЗША (тысяча вайскоўцаў), якія праводзяць трэнаваньні самастойна і сумесна зь літоўскімі войскамі.
Таксама ў краіне знаходзяцца некалькі тысяч вайскоўцаў саюзных войскаў, большасьць зь якіх уваходзяць у склад шматнацыянальнай баявой групы NATO пад кіраўніцтвам Нямеччыны. Акрамя таго, з 2004 году ў Літве разгорнутая місія NATO для аховы паветранай прасторы, праходзіць бесьперапынная ратацыя сухапутных частак, караблёў і бамбавальнікаў саюзьнікаў падчас розных вучэньняў, паведамляюць УС краіны.
Адносіны афіцыйнага Менску і Літвы рэзка пагоршыліся пасьля сфальсыфікаваных рэжымам Лукашэнкі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, масавых пратэстаў, што пачаліся пасьля іх, на якія ўлады адказалі небывалымі па маштабе рэпрэсіямі, якія працягваюцца дагэтуль. Літва стала цэнтрам прыцягненьня для апанэнтаў улады ў Менску, у Вільні знаходзіцца офіс Сьвятланы Ціханоўскай.
Пазьней рэжым Лукашэнкі неаднаразова даваў падставы літоўскім уладам рабіць больш жорсткай пазыцыю адносна афіцыйнага Менску: міграцыйны крызіс на межах ЭЗ, стварэньне ўмоў для вымушанай пасадкі ў беларускай сталіцы самалёта Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, падтрымка агрэсіі РФ супраць Украіны, разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі расейскай тактычнай ядзернай зброі і наймітаў групоўкі «Вагнэр». Разглядаючы ўсё гэта як пагрозу нацыянальнай бясьпецы, улады Літвы сталі адным з галоўных лабістаў узмацненьня санкцый супраць менскага рэжыму.
Праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз апэратыўных зьвестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы сьведчыць пра тое, што ў 2024 годзе было спынена 1002 спробы нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, што на 62,1% менш, чым у 2023-м (2644).
Рэжым Лукашэнкі бесьперапынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы на фоне абвастрэньня адносін з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.
У лютым 2022 году ўварваньне адбылося ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.
Форум