Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАК заклікаў фэдэрацыі лыжных відаў спорту дапусьціць беларусаў да міжнародных спаборніцтваў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў Міжнародны зьвяз біятляністаў і Міжнародную фэдэрацыю лыжнага спорту дапусьціць да спаборніцтваў спартоўцаў з Расеі і Беларусі пад нэўтральным сьцягам, паведаміла швэдзкае выданьне SVT Sport.

«МАК хоча знайсьці рашэньне, каб нэўтральныя спартоўцы маглі быць на зімовых Алімпійскіх гульнях, — сьцьвярджае крыніца выданьня. — Яны спадзяюцца, што неўзабаве мы дазволім нэўтральным спартоўцам прайсьці кваліфікацыю ў наступным сэзоне».

Гэтую інфармацыю каналу пацьвердзіў кіраўнік Міжнароднага саюзу біятляністаў. Міжнародны алімпійскі камітэт адмовіўся даваць камэнтар выданьню.

Допуск да спаборніцтваў дасьць магчымасьць спартоўцам удзельнічаць у адборы да Алімпійскіх гульняў у Італіі ў 2026 годзе. Цяпер такой магчымасьці ў іх няма. Расейскіх і беларускіх спартоўцаў адхілілі ад міжнародных турніраў пасьля пачатку вайны 2022 году.

  • 28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынятая да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.
  • 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі празь яго пашпарт».
  • 28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нэўтральным статусе, калі яны не зьвязаныя з арміяй або сілавымі структурамі і адкрыта не выступалі ў падтрымку вайны супраць Украіны. Дазвол на ўдзел павінны даваць спартовыя фэдэрацыі.
  • З аналягічнымі ўмовамі МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нэўтральным статусе. У лыжных відах спорту і біятлёне расейцаў і беларусаў да спаборніцтваў не дапусьцілі.
  • На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты, якія выступалі ў абмежаванай колькасьці і ў нэўтральным статусе, заваявалі чатыры мэдалі — залаты, два сярэбраныя і бронзавы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG