За пастанову прагаласавалі 268 дэпутатаў з 450, паведамілі народныя дэпутаты Яраслаў Жалязьняк і Ірына Герашчанка. Пастанову прынялі з другога разу: напярэдадні за яе прагаласавалі 218 парлямэнтароў, а трэба было сама менш 226.
У пастанове гаворыцца, што адказнасьць за немагчымасьць арганізацыі выбараў з запрашэньнем міжнародных назіральнікаў ва Ўкраіне нясе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Уведзенае ва Ўкраіне ваеннае становішча не дазваляе правесьці выбары прэзыдэнта ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй. Дэпутаты заявілі, што выбары ўкраінскага прэзыдэнта пройдуць толькі тады, калі будзе забясьпечаны «ўсёабдымны, справядлівы і ўстойлівы мір».
Вярхоўная Рада Ўкраіны таксама адзначыла ў дакумэнце, што мандат Уладзіміра Зяленскага не падлягае сумневу, таму што ён быў абраны падчас празрыстага і свабоднага галасаваньня. Зяленскі будзе выконваць свае паўнамоцтвы да ўступленьня на пасаду новага прэзыдэнта.
- Уладзімір Зяленскі займае пасаду прэзыдэнта Ўкраіны з 2019 году. Новыя выбары прэзыдэнта павінны былі адбыцца ў красавіку 2024 году, але праводзіць выбарчую кампанію падчас вайны забаронена Канстытуцыяй Украіны.
- Пасьля красавіка 2024 году расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін неаднойчы называў Зяленскага нелегітымным, паколькі тэрмін яго паўнамоцтваў скончыўся, і заяўляў, што той ня мае права падпісваць ніякія пагадненьні з Расеяй, аднак прызнаваў правамоцнасьць Вярхоўнай Рады Ўкраіны.
- 19 лютага 2025 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў Зяленскага «дыктатарам бяз выбараў», якога падтрымлівае толькі 4% грамадзян краіны. Ён таксама заявіў, што ў прысутнасьці ўкраінскага прэзыдэнта на перамовах аб міры ва Ўкраіне няма неабходнасьці. Зяленскі казаў, што Трамп жыве ў «прасторы дэзынфармацыі».
- Па выніках апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі ўлетку 2024 году, Зяленскаму давяраюць 59% украінцаў, недавер да яго выказалі 36%. Паводле лютаўскага апытаньня сацыялягічнай групы «Рэйтынг», 65% украінцаў давяраюць свайму прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму, у студзені ўзровень даверу да Зяленскага быў 57%.
- Зяленскі пасьля словаў Трампа заявіў, што гатовы сысьці з пасады прэзыдэнта Ўкраіны, калі гэта прынясе мір. Таксама ён сказаў, што гатовы абмяняць сваю пасаду на сяброўства Ўкраіны ў NATO.
Форум