Блогера вінавацяць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з паклёпам і зьнявагай Лукашэнкі (артыкулы 368, ч. 2, 188 КК), а таксама артыкулам аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 ч.1). Агулам Сяргею Бяспалаву пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.
Таксама Бяспалава вінавацяць у нанясеньні дзяржаве вялікай шкоды. Паводле кіраўніка ўправы Генэральнай пракуратуры Дзьмітрыя Брылёва, які ў студзені агучыў інфармацыю пра абвінавачаньні ў адрас «стваральніка і кіраўніка экстрэмісцкага фармаваньня „Мая краіна Беларусь“», блогеру зьбіраюцца выставіць пазоў больш як на 30 мільёнаў рублёў.
Пра завядзеньне крымінальнай справы супраць Сяргея Бяспалава стала вядома ў сьнежні 2024 году з паведамленьня Сьледчага камітэту.
Між тым афіцыйна пра справу самога Сяргея Бяспалава так і не праінфармавалі, паведаміў ён Радыё Свабода і гэтак пракамэнтаваў завочны крымінальны перасьлед:
«Ніхто да мяне так і не зьвярнуўся, у суд не запрасіў, матэрыялаў справы не даслаў. Пра наяўнасьць адваката таксама нічога ня ведаю. Што да самой справы, дык у мяне яна выклікае сьмех. Бо не лічу, што наносіў хаця б малую шкоду сваёй краіне, тым больш у такім вялікім памеры, як 30 мільёнаў. А яшчэ гэта сумна, бо паказвае, што ад цяперашняй беларускай дзяржавы можна чакаць чаго заўгодна. Таксама гэтая гісторыя выклікае ў мяне пачуцьцё гонару. Значыць, канал „Мая краіна Беларусь“ працаваў і працуе не дарэмна», — сказаў Сяргей Бяспалаў.
Да суду блогер разьлічваў зьвязацца з пракурорам на сваім працэсе, каб «задаць яму некалькі пытаньняў», але ці ўдалося гэта, невядома.
Сяргею Бяспалаву 32 гады, ён жыў у Менску, займаўся блогерствам, супрацоўнічаў зь недзяржаўнымі мэдыя. Зьехаўшы зь Беларусі пасьля падзей 2020 году, спачатку апынуўся ва Ўкраіне, цяпер жыве ў адной з эўрапейскіх краін. Ён сябра Каардынацыйнай рады, быў выбраны туды ад сьпісу «Незалежныя беларусы» на чале з Максімам Шабуцкім.
Судзіць Сяргей Бяспалава будзе судзьдзя Аляксандар Рыбакоў, вядомы вынясеньнем прысудаў шэрагу палітзьняволеных.