Працяг узмацненьня рэпрэсіяў «па другім коле»
«У 2024 дзяржава „пераварвала“ папярэднія захады і нават пайшла па другім коле, пачаўшы ўносіць зьмены ва ўжо і так рэпрэсіўныя палажэньні законаў. Мы налічылі такіх прыкладаў больш за 50», — адзначае экспэртка БХК Кацярына Дзейкала.
Паводле экспэрткі, у 2024 годзе адпаведныя зьмены ў палажэньні законаў тычыліся 12 сфэраў грамадзкага жыцьця, сярод іх адукацыя, культура, пэнсіі, гендэрная ідэнтычнасьць, доступ да прафэсіі ды іншыя. Таксама за год павялічыўся сьпіс падставаў для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці ў Беларусі і ў той жа час пашырыліся паўнамоцтвы сілавікоў, што на думку экспэртаў сьведчыць пра нежаданьне ўладаў «перагортваць старонку».
Наадварот, «гайкі закручваюцца», мяркуюць праваабаронцы і прыводзяць такі прыклад: доступ да прафэсіі для групаў насельніцтва не пашырылі, а абмежавалі.
«Для некаторых увялі фактычна пажыцьцёвую забарону на прафэсію, як для пэдагогаў, якія раней былі асуджаныя за ўдзел у пратэстах. Таксама ў падобных групах экскурсаводы, гіды- перакладчыкі, натарыюсы, Цяпер праз увядзеньне абавязковых праверак у сілавых структурах, узгадненьняў і подпісаў гэтым людзям вяртаньне ў прафэсію альбо зусім немагчымае, альбо магчымае толькі ўзамен на палітычную ляяльнасьць. Увогуле для часткі насельніцтва, якая брала ўдзел у пратэстах, фактычна створаныя новыя інструмэнты рэпрэсіяў», — мяркуе Кацярына Дзейкала.
Таксама экспэртка адзначыла, што ў значна горшым становішчы апынуліся групы, якія адрозьніваюцца па прыкмеце гендэрнай ідэнтычнасьці, сэксуальнай арыентацыі і транс-статусу.
«Сёньняшняе вызначэньня „парнаграфіі“ — гэта ўжо наўмысная дэманстрацыя нетрадыцыйных палавых адносінаў і палавых паводзінаў. Праз гэта пасадзіць на шмат гадоў у вязьніцу могуць нават за пацалунак на вуліцы», — заўважае экспэртка.
Паводле аўтараў агляду, за год пашырыўся доступ дзяржавы да пэрсанальных зьвестак грамадзян. Значным пагаршэньнем прававога становішча беларусаў экспэрты БХК лічаць тое, што бяз згоды грамадзяніна сілавікі могуць атрымаць зьвесткі пра ягоныя аўтамабільныя перавозкі і банкаўскія рахункі.
Уплыў падзеяў у Расеі
Не засталіся без увагі праваабаронцаў і зьмены, якія тычацца правоў працоўных. У 2024 годзе ў наймальнікаў зьявілася права павялічваць ліміты звышурочнай працы на вытворчасьці. Навошта было прынята такое новаўвядзеньне? Экспэрты БХК мяркуюць, што гэта зьвязана з праблемамі тых заводаў, якія забясьпечваюць абаронныя замовы для Расеі, якая працягвае поўнамаштабныя ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне.
Таксама трывогу праваабаронцаў выклікаюць тыя зьмены ў Крымінальны кодэкс, якія ўвялі адказнасьць за перадачу ці публікацыю зьвестак аб наяўнасьці ці перасоўваньні па тэрыторыі Беларусі расейскіх войскаў і вайсковай тэхнікі. Паводле праваабаронцаў, год паказаў, што новую норму ўжо шырока выкарыстоўваюць, празь яе сьпіс рэпрэсаваных беларусаў павялічыўся.
Рэжым у Беларусі больш актыўна ўзяўся за беларусаў за мяжой
Як важны трэнд 2024 году аўтары агляду адзначылі ўвядзеньне новых нормаў, якія тычацца беларусаў, што зьехалі за мяжу. Прыкладам, эмігрантаў спрабуюць прымусіць паведамляць на радзіму пра зьмены іх сямейнага і грамадзянскага становішча. На думку экспэртаў БХК, гэта сьведчыць пра тое, што ўлады Беларусі маюць пляны пашырыць рэпрэсіі і на гэтую частку беларускага грамадзтва.
«Пагоршылася прававое становішча грамадзянаў Беларусі, якія жывуць на тэрыторыі іншай краіны і, паводле беларускіх праваахоўнікаў, зьдзейсьнілі там злачынства. Сьпіс складаў злачынстваў для іх павялічыўся з 3 да 17, што цяпер дазваляе разгарнуць хвалю рэпрэсіяў супраць суайчыньнікаў за мяжой», — мяркуюць праваабаронцы БХК.
Законы ў абарону Лукашэнкі і льготы для сілавікоў
Пры гэтым аўтары агляду вылучылі і зьмены ў закон, якія тычацца абароны былога прэзыдэнта і ягонай сям’і.
«Бачна, што гэтыя зьмены выкліканыя боязьню ня столькі апазыцыі, а хутчэй помсты з боку прыхільнікаў дзейнай улады, якія, як мяркуецца, прыйдуць да кіраўніцтва ў выніку заплянаванага транзыту. Падобна, што менавіта гэтак да яго рыхтуюцца», — мяркуе Кацярына Дзейкала адносна зьменаў у законы, якія бароняць Лукашэнку.
Экспэрты адзначаюць і зьмены, якія пашыраюць сыстэму льготаў для дзейных сілавікоў і тых, хто будзе на іх навучацца.
Узмацненьне кантролю і ідэалягізацыя адукацыі
Рэпрэсіўныя зьмены адзначылі ня толькі ў крымінальных законах. Праваабаронцы кажуць пра ўзмацненьне кантролю і ідэалягізацыю адукацыі. У якасьці прыкладу называюць сэрыю падручнікаў «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны», якія ўтрымліваюць наўпроставыя паралелі паміж нацыстамі ды калябарацыяністамі і мірнымі пратэстоўцамі 2020 году. «Гэта чыстай вады маніпуляцыя ў палітычных мэтах», — лічыць Кацярыны Дзейкала.
Такім жа прыкладам маніпуляцыі экспэртка называе сьвежы падручнік «Гісторыя Беларусі ў рамках усясьветнай гісторыі», які мае зьявіцца ў беларускіх школах з будучага году. Паводле зьвестак праваабаронцаў, падзеі 2020 году ў гэтым падручніку названыя «спробай дзяржаўнага перавароту» і нічога не сказана пра пратэсты супраць фальсыфікацыяў на выбарах з боку ўлады.
«Такія рэчы скіраваныя на тое, каб дзеці, якія будуць вучыцца па гэтых падручніках, палічылі частку сваіх суайчыньнікаў „ворагамі народу“. Небясьпечна, бо гэта прывядзе не да аб’яднаньня, а да новага расколу грамадзтва», — непакоіцца экспэртка БХК Кацярына Дзейкала.
Цалкам агляд можна паглядзець тут.
Форум