Суд у Гішпаніі прызнаў былога прэзыдэнта Каралеўскай гішпанскай футбольнай фэдэрацыі Люіса Рубіялеса вінаватым у сэксуальных дамаганьнях да футбалісткі Джэніфэр Эрмоса, якую ён публічна пацалаваў у вусны пасьля перамогі жаночай зборнай Гішпаніі на чэмпіянаце сьвету ў 2023 годзе ў Сыднэі, паведамляе The Guardian.
Люісу Рубіялесу прысудзілі штраф 10 тысяч эўра. Таксама яму забаранілі падыходзіць да Джэніфэр Эрмоса бліжэй, чым на 200 мэтраў, і кантактаваць зь ёю іншымі спосабамі цягам году. Абвінавачаньне патрабавала для былога прэзыдэнта футбольнай фэдэрацыі ад двух да двух з паловай гадоў турмы.
Інцыдэнт адбыўся ў жніўні 2023 году і выклікаў нацыянальныя і міжнародныя дэбаты пра сэксізм у спорце. Падчас працэсу Эрмоса расказвала, што ёй паступалі пагрозы забойствам і што Рубіялес спрабаваў прымусіць яе адмовіцца ад абвінавачаньняў. Сам Рубіялес гэта адмаўляе.
Перш Рубіялеса абвінавачвалі паводле двух артыкулаў: аб дамаганьнях і аб прымусе адмовіцца ад абвінавачаньняў. У выніку яго прызналі невінаватым у справе аб прымусе, як і трох іншых абвінавачаных — былога галоўнага трэнэра жаночай зборнай Хорхэ Вільду, былога спартовага дырэктара Гішпанскай фэдэрацыі футболу Альбэрта Люке і былога дырэктара маркетынгу фэдэрацыі Рубэна Рывэру.
Сама 33-гадовая футбалістка адразу пасьля здарэньня напісала ў Інстаграме, што ёй «не спадабаліся» дзеяньні Рубіялеса. Пацярпелая сьцьвярджала, што дырэктары арганізацыі ціснулі на яе з патрабаваньнем адклікаць абвінавачаньні. Яна адмовілася, але фэдэрацыя ўсё роўна апублікавала ад яе імя заяву ў абарону Рубіялеса.
Апошні падчас суду настойваў, што пацалунак з футбалісткай быў добраахвотным: «Я абсалютна ўпэўнены, што яна дала мне свой дазвол. У той момант гэта было нешта зусім спантаннае».
Сярод іншых дзеяньні Рубіялеса катэгарычна асудзіў прэм’ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс, назваўшы пацалунак «непрымальным жэстам». Дзясяткі футбалістак нацыянальнай зборнай Гішпаніі адмовіліся ад далейшых матчаў, пакуль Рубіялес не пакіне сваю пасаду. Ён некалькі разоў адмаўляўся гэта рабіць і патрабаваў спыніць «паляваньне на ведзьмаў», але ў верасьні 2023 году ўсё ж падаў у адстаўку. У кастрычніку 2023 году ён быў дыскваліфікаваны і адхілены ад усякай дзейнасьці, зьвязанай з футболам.
Форум