Аляксандар Лукашэнка ўручыў двум палкоўнікам юстыцыі, задзейнічаным у палітычных перасьледах, пагоны генэрал-маёраў.
Як паведамляецца на сайце Аляксандра Лукашэнкі, павышэньне ў званьні атрымалі Ўладзімер Шышко, які з сакавіка 2023-га працуе начальнікам упраўленьня Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці, і Яўген Архірэеў, які з сакавіка 2023 году ачольвае ўпраўленьне Сьледчага камітэту ў Менску.
Вядома, што ў часе працы ў складзе цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Беларусі Яўген Архірэеў прымушаў сьледчых, нязгодных з палітыкай Лукашэнкі, пісаць рапарты аб звальненьні, перашкаджаў правядзеньню расьсьледаваньняў па фактах злачынстваў сілавікоў у часе пратэстаў, быў куратарам спраў супраць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, ініцыяваў завочныя вядзеньні супраць прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады і Беларускага фонду спартовай салідарнасьці.
Уладзімір Шышко расьсьледаваў карупцыйныя справы, а сёлета асабіста кантраляваў справу 62-гадовага жыхара Магілёва Аляксандра Кандрычына, які адбіваўся ад супрацоўнікаў ГУБАЗіК. Улады кваліфікавалі гэтую справу як «замах на забойства» міліцыянтаў.
Указ аб прысваеньні новых званьняў гэтым сьледчым Аляксандар Лукашэнка падпісаў 12 лютага.
Форум