Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ўдзел у пратэстах мянчанку асудзілі ў актавай залі кандытарскай фабрыкі «Слодыч»


Фота пракуратуры Савецкага раёну Менску
Фота пракуратуры Савецкага раёну Менску

У актавай залі кандытарскай фабрыкі «Слодыч» прайшло выязное паседжаньне суду Савецкага раёну Менску, на якім 25-гадовую мянчанку асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 году.

У актавай залі кандытарскай фабрыкі «Слодыч» прайшло выязное паседжаньне суду Савецкага раёну Менску, на якім 25-гадовую мянчанку асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 году, паведамляе дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости».

У якасьці слухачоў на паседжаньні суду былі працаўнікі фабрыкі. Абвінавачаная працуе мэнэджаркай у прыватнай кампаніі, паведамляе выданьне.

Абвінавачаньне падтрымлівала старэйшая памочніца пракурора Савецкага раёну Анастасія Маліка.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, жанчына 30 жніўня 2020 году ў пэрыяд з 13:55 па 18:50 «знаходзілася на праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Леніна і разам зь іншымі пратэстоўцамі наўмысна блякавала рух грамадзкага транспарту», што «прычыніла значную шкоду» прадпрыемству «Мінсктранс», а таксама рабіла дзеяньні, «зьвязаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі».

Падчас судовага паседжаньня мянчанка цалкам прызнала сваю віну. Яна расказала, што ў той дзень далучылася да групы пратэстоўцаў, падняла зь зямлі плякат і, трымаючы яго ў руках, ішла зь ім па праезнай частцы.

Суд прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і прысудзіў жанчыне абмежаваньне волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»).

  • Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», агулам з 2020 году па канец студзеня 2025 году ўжо сама меней 7 915 чалавек у Беларусі сутыкнуліся з крымінальным перасьледам паводле палітычных матываў. Сама меней 6 650 чалавекам вынесеныя палітычна матываваныя прысуды — гэта толькі вядомыя праваабаронцам выпадкі.
  • Пры гэтым адвольныя затрыманьні людзей паводле палітычных матываў у Беларусі працягваюцца. Толькі за студзень 2025 году «Вясна» зафіксавала прынамсі 506 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсіяў (затрыманьні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG