Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеў на тры дні прыехаў спэцпрадстаўнік Трампа. Зяленскі хоча прапанаваць яму наведаць фронт


Перад Украінай Кіт Кэлаг наведаў Польшчу і правёў сустрэчу з прэзыдэнтам Анджэем Дудам. 18 лютага 2025
Перад Украінай Кіт Кэлаг наведаў Польшчу і правёў сустрэчу з прэзыдэнтам Анджэем Дудам. 18 лютага 2025

Кіт Кэлаг паведаміў журналістам, што ёсьць шанец правесьці добрыя патэнцыйныя перамовы.

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША па Расеі і Ўкраіне Кіт Кэлаг раніцай 19 лютага прыбыў у Кіеў.

Як паведамілі ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону, ён будзе знаходзіцца ва Ўкраіне тры дні. Уладзімір Зяленскі хоча прапанаваць спэцпрадстаўніку Дональда Трампа наведаць фронт.

Выданьне «Суспільне» паведаміла, што на вакзале Кіта Кэлага сустракала амэрыканская амбасадарка Брыджыт Брынк.

Кіт Кэлаг паведаміў журналістам, што ёсьць шанец правесьці добрыя патэнцыйныя перамовы.

«Мы будзем слухаць. Мы гатовыя даць неабходнае. Мы разумеем неабходнасьць гарантый бясьпекі. Частка маёй місіі — слухаць. Потым я вярнуся ў ЗША, пагавару з прэзыдэнтам Трампам. Каб быць упэўненымі, што мы ўсе правільна разумеем», — працытавала Кэлага «Суспільне».

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША дадаў, што сапраўды верыць, што вайна не пачалася б, «калі б тады прэзыдэнтам быў Трамп».

«Ён разумее, што людзі пакутуюць; разумее, якія разбурэньні. І мы хочам, каб гэта закончылася», — сказаў Кіт Кэлаг.

18 лютага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што адчувае сябе «значна больш упэўненым» у дасягненьні дамоўленасьцяў аб спыненьні вайны ва Ўкраіне пасьля перамоваў 18 лютага ў Саудаўскай Арабіі паміж прадстаўнікамі ЗША і Расеі.

На перамовах у Эр-Рыядзе, першых афіцыйных перамовах на высокім узроўні паміж Вашынгтонам і Масквой пасьля ўварваньня ў 2022 годзе, Расея і Злучаныя Штаты дамовіліся стварыць групы для перамоваў аб шляху да спыненьня вайны «як мага хутчэй», сказаў дзяржсаратар ЗША Марка Рубіё.

Юрый Ушакоў, памочнік Уладзіміра Пуціна ў замежнай палітыцы, пацьвердзіў дамоўленасьць аб перамоўных групах, але сказаў, што «цяжка» абмяркоўваць дату патэнцыйнай сустрэчы Трампа і Пуціна.

19 лютага ў Францыі адбудзецца другая сустрэча, на якой будуць абмяркоўвацца вайна ва Ўкраіне і эўрапейская бясьпека. На гэты раз Канада і эўрапейскія краіны, якія не прысутнічалі на папярэднім надзвычайным саміце, будуць удзельнічаць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG