Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб звальненьні Андрэя Якабсона з пасады намесьніка начальніка дзяржаўнага аб’яднаньня «Беларуская чыгунка».
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, Андрэя Якабсона звольнілі пры згодзе бакоў паводле пункту 1 часткі другой артыкулу 35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
«Супольнасьць беларускіх чыгуначнікаў» паведаміла, што 3 лютага звольнілі начальніка службы грузавой работы і замежнаэканамічнай дзейнасьці Сяргея Прыстаўку.
Згодна з інфармацыяй «Супольнасьці», колішні начальнік Беларускай чыгункі Ўладзімер Марозаў, якога таксама зьвязвалі з махінацыямі на прадпрыемстве, стаў прадстаўніком АТ «Аб’яднаная транспартна-лягістычная кампанія — Эўразійскі чыгуначны альянс» у Менску. Гэтая кампанія зьяўляецца апэратарам кантэйнэрных сэрвісаў, яна ажыцьцяўляе транспартаваньне грузаў па маршруце Кітай — Эўропа — Кітай у складзе рэгулярных кантэйнэрных цягнікоў праз Расею, Казахстан і Беларусь і зьяўляецца манапалістам у гэтым сэктары.
Звальненьні ў кіроўным складзе Беларускай чыгункі пачаліся ў чэрвені 2024 году, калі на адпаведнай нарадзе Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне «трох дзясяткаў чалавек» зь ліку чыноўнікаў паводле падазрэньня ў карупцыі. Тады Лукашэнка паведаміў, што «ў схованках у кватэры і ў загарадным доме» першага намесьніка начальніка дзяржаўнага аб’яднаньня «Беларуская чыгунка» Пятра Дулуба знайшлі «грашовыя сродкі на суму больш за 3,2 мільёна даляраў». Дулуб нібыта «стварыў і быў куратарам карупцыйнай схемы дзеля лабіяваньня інтарэсаў камэрцыйных структур у сфэры грузаперавозак па Беларусі і за яе межамі».
Пятра Дулуба, затрыманага ў траўні 2024-га, звольнілі 14 чэрвеня таго ж году. У жніўні стала вядома аб звальненьні намесьніка начальніка дзяржаўнага аб’яднаньня «Беларуская чыгунка» Сяргея Сізіна таксама з фармулёўкай аб парушэньні антыкарупцыйнага заканадаўства — яго затрымалі ў ліпені. У ліпені, паводле «Супольнасьці», затрымалі і галоўнага інжынэра Беларускай чыгункі Сяргея Навадворскага, які адказваў за тэхнічную палітыку і кірункі тэхнічнага разьвіцьця чыгункі і яе аддзяленьняў, рэканструкцыю, тэхнічнае перааснашчэньне і арганізацыю капітальнага будаўніцтва.
Форум