Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскія ляўрэаты папрасілі Трампа дапамагчы вызваліць палітвязьняў у Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская (справа) з партрэтам свайго мужа падчас пікету за вызваленьне беларускіх палітвязьняў у Вільні. 8 сакавіка 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская (справа) з партрэтам свайго мужа падчас пікету за вызваленьне беларускіх палітвязьняў у Вільні. 8 сакавіка 2024 году

Група ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі зьвярнулася да прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і іншых сусьветных лідэраў з заклікам неадкладна забясьпечыць вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі.

Як гаворыцца ў звароце, цяпер у беларускіх турмах знаходзяцца больш за 1400 палітычных зьняволеных, сярод іх кандыдаты ў прэзыдэнты, настаўнікі, лекары, рабочыя, а таксама ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, праваабаронца Алесь Бяляцкі. Адзначаецца, што сярод зьняволеных цяжка хворыя і пажылыя людзі, а ўмовы іх утрыманьня можна назваць нечалавечымі. Некалькі палітвязьняў ужо загінулі ў турме.

Заклік вызваліць палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі адрасаваны ўладам Беларусі. Прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і лідэраў Эўразьвязу падпісанты звароту заклікаюць прыняць тэрміновыя і рашучыя захады для вызваленьня палітвязьняў, а грамадзкіх дзеячоў і ўсіх «людзей сумленьня» — падтрымаць кампанію за іх вызваленьне.

Ліст падпісалі, у прыватнасьці, ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч і Герта Мюлер, Нобэлеўскай прэміі міру Аляксандра Мацьвійчук і Дзьмітрый Муратаў, ляўрэаты прэміяў у фізыцы, хіміі, мэдыцыне і эканоміцы — агулам 30 чалавек.

Гэта ня першы падобны зварот да лідэраў краін Захаду і сусьветнай супольнасьці. Сёлета, аднак, ён апублікаваны на фоне паведамленьняў пра перамовы адміністрацыі Трампа з уладамі Беларусі, вынікам якіх, як піша The New York Times, магло б стаць маштабнае вызваленьне палітвязьняў — у абмен на паслабленьне санкцыйнага рэжыму. Паведамлялі, што Беларусь упершыню за доўгі час наведаў высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША. Днямі былі вызваленыя трое палітвязьняў, у тым ліку журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык.

Сярод палітвязьняў, якія знаходзяцца ў Беларусі ў турмах, — журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік і былы журналіст Свабоды Ігар Карней, які, згодна з апошнімі навінамі ад яго, схуднеў на 15 кіляграмаў і мае праблемы з сэрцам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG