Грамадзка-палітычны дзеяч, журналіст, пісьменьнік, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны першага скліканьня Якаў Зайко загінуў 18 лютага 2014 году ў Кіеве — у час, калі сілавікі напалі на мірных пратэстоўцаў, у яго здарыўся інфаркт.
У Жытомір Якаў Зайко пераехаў разам за бацькамі, калі яму было 15 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Дзяляцічы Наваградзкага раёну Горадзенскай вобласьці.
«Беларус з паходжаньня з украінскай душой імкнуўся пабудаваць свабодную і незалежную Ўкраіну», — адзначаецца ў паведамленьні Жытомірскай гарадзкой рады.
У канцы 1980-х гадоў Якаў Зайко арганізоўваў шматлюдныя мітынгі ў Жытоміры, а ў 1990 годзе стаў народным дэпутатам Украіны ад Народнага руху. Ён удзельнічаў у мітынгах за незалежнасьць, а потым ужо ў пратэстах у незалежнай Украіне — у Аранжавай рэвалюцыі (2003–2004) і Рэвалюцыі годнасьці (2013–2014). Яму было 73 гады, калі ён прыехаў падтрымаць пратэстоўцаў на Майдане ў Кіеве.
У адным з выданьняў, прысьвечаных Якаву Зайко, прыводзілася ягоная цытата:
«Я зьяўляюся духоўна чыстакроўным украінцам, і мяне цешыць, што мяне прыняў Жытомір, прымае Ўкраіна, што дала мне такую духоўную прастору, якую я хацеў бы пажадаць усім жытамірчанам і ўсім украінцам».
Ва Ўкраіне ў лістападзе 2013 году студэнты выйшлі на акцыю пратэсту супраць рашэньня тагачасных уладаў Украіны адмовіцца ад падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам. Гэтая акцыя неўзабаве перарасла ў шматтысячную працяглую акцыю пратэсту, якую сілавікі спрабавалі некалькі разоў жорстка разагнаць.
22 студзеня 2014 году ад стрэлу з помпавай вінтоўкі загінуў грамадзянін Беларусі Міхаіл Жызьнеўскі (ён атрымаў грамадзянства Ўкраіны пасьмяротна. — РС), а 18 лютага — Якаў Зайко.
Форум