Абвінавачаным інкрымінавалі артыкулы КК так званай «экстрэмісцкай накіраванасьці». Расьсьледаваньне справы вялі ў так званым рэжыме спэцвядзеньня, гэта значыць завочна.
У заяве пракуратуры сьцьвярджаецца, што прадстаўнікам дабрачынных ініцыятыў інкрымінавана:
- даваньне і збор грашовых сродкаў і іншай маёмасьці для заведамага забесьпячэньня экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 2 арт. 361-1 КК);
- наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК);
- публічная абраза Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК);
- вэрбаваньне, навучаньне, іншая падрыхтоўка і выкарыстаньне людзей для ўдзелу на тэрыторыі замежных дзяржаў ва ўзброеных фармаваньнях аднаго з супрацьлеглых бакоў, узброеных канфліктах, а таксама фінансаваньне і іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці (ч. 2 арт. 361-3 КК);
- прапаганда тэрарызму і яго публічнае апраўданьне, у тым ліку з выкарыстаньнем інтэрнэту (ч. 1 арт. 289-1 КК).
«Экстрэмізмам» беларускія ўлады прызнаюць дзеяньні, накіраваныя, сярод іншага, на дапамогу палітвязьням і іхным сем’ям. Сілавыя органы выкарыстоўваюць такія абвінавачаньні для працягваньня палітычных рэпрэсій.
Як экстрэмізм з 2020 году ўлады трактуюць фактычна любыя праявы нязгоды зь імі, публікацыі незалежных СМІ. За распаўсюд нібыта «экстрэмісцкіх матэрыялаў» прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць, за «экстрэмісцкія фармаваньні» — крымінальная.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум