Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць заснавальніцу вядомага фітнэс-клюбу «Багіра»


Натальля Наважылава
Натальля Наважылава

У судзе Маскоўскага раёну Менска 17 лютага пачынаецца працэс над Натальляй Наважылавай.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», вядомай спартоўцы і фітнэс-трэнэрцы выстаўленае абвінавачаньне паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу — за «арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях». Наважылавай пагражае да 4 гадоў зьняволеньня.

Натальлю Наважылаву называюць самым вядомым фітнэс-трэнэрам Беларусі. Яна майстар спорту, стваральніца Нацыянальнай школы фітнэс-трэнэраў, старшыня міжнароднай грамадзкай арганізацыі «Фэдэрацыя фітнэсу».

У Беларусі Натальлю Наважылаву ведаюць з 90-х гадоў, калі яна стварыла фітнэс-клюб «Багіра» і пачала весьці заняткі па аэробіцы, гэтак тады назвалі фітнэс, на Беларускай тэлевізіі. Гэтыя «Ўрокі з Натальляй Наважылавай» выходзілі на БТ больш за 7 гадоў, імя Натальлі Наважылай стала шырока вядомым ня толькі ў Беларусі.

Пазьней спартоўка цалкам пераключылася на працу ў фінтэс-цэнтры «Багіра». Натальля Наважылава зьяўляецца таксама афіцыйнай прадстаўніцай фітнэс-праграм унівэрсытэту Reebok і Nike, яе ўзнагародзілі ганаровай граматай Аляксандра Лукашэнкі «За значны ўклад у прапаганду здаровага ладу жыцьця».

У 2010-я гады Натальля Наважылава была сяброўкаю грамадзкага абʼяднаньня «Гавары праўду», на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году была даверанай асобай кандыдата Андрэя Дзьмітрыева.

Натальля Наважылава нарадзілася ў 1955 годзе, жыве ў Менску. Які дакладна эпізод ёй інкрымінуюць і ці затрымлівалі яе сілавікі да суду, праваабаронцам невядома. Судзіць Натальлю Наважылаву судзьдзя Кацярына Мурашка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG