12 лютага на волю выйшаў журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык. У Вільні яго сустракалі жонка Алеся і дзеці — 5-гадовы Мацьвей і 11-гадовая Яніна, а таксама калегі.
47-гадовы Андрэй Кузьнечык правёў за кратамі больш за тры гады паводле палітычнага матываванага прысуду.
Свабода публікуе маналёг Андрэя Кузьнечыка.
Пра тое, як вызвалялі
«Пачаўся як звычайны дзень. Што там у нас? Пад’ём, усё тое, што робіцца пасьля падʼёму, сечка такая смачная, цёплая, прагулка, ну а потым сказалі, што трэба зьбірацца на допыт, з дакумэнтамі.
Дакумэнтаў у мяне ніякіх няма, таму я проста стаяў і чакаў, пакуль мяне выведуць. Мяне вывелі, і я потым чакаю яшчэ некалькі гадзін, што будзе далей. Я як бы не пад сьледзтвам быў, то бок мяне дапытваць не было наконт чаго. Па адчуваньнях, тое, што трэба было ад мяне ў КДБ, яны зрабілі. Былі некаторыя сьмешныя варыянты — якога-небудзь трэцяга інтэрвію якому-небудзь блогеру там у рамках якога-небудзь чарговага шоў. Але, мяркуючы па тым, што асноўная справа была зробленая, я думаў трошку пра этапы. Адзінае, што бянтэжыла, што не былі сабраныя рэчы. Але, аказваецца, іх сабралі безь мяне.
Ну і потым этап, звычайны этап у стылі КДБ, калі ты едзеш, нічога ня бачыш. Па адлегласьцях я прыкідваю, што вось мы нібыта праехалі ўжо ўсе менскія тэлестудыі, дзе я мог бы паздымацца у ОНТ, Макаёнка таксама ўжо праехалі. І потым я па тым, што машына разагналася і нідзе не спыняецца, падумаў, што мы едзем у Наваполацак. Да таго ж у Наваполацку ў мяне былі дакумэнты, да таго ж, наколькі я разумею, даведкі пра вызваленьне таксама выдаюць у Наваполацку. І таму як бы я ехаў у Наваполацак.
А потым аказалася, што гэта не Наваполацак, што «праз 15 хвілін будзе нешта цікавае», як нам сказалі. Адчуваеш зьбянтэжанасьць, узрушанасьць, адчуваньне нерэальнасьці таго, што адбываецца. Ты ехаў на машыне з маскай на твары, у кайданках, з КДБ, ехаў увогуле ў зону, а аказваецца, ты прыехаў ня ў зону, а на мяжу, цябе забралі іншыя людзі, кажуць табе добрыя словы, кажуць, што ўсё выдатна, а ты едзеш з такім тварам, нібыта там сьвет на цябе абвальваецца, і спрабуеш гэта пераварыць. Гэта такі шокавы стан».
Пра вымушаную эміграцыю
«Вы павінны мне зайздросьціць, бо я за адзін дзень перажыў — трапіўшы з апошняга месца ў Беларусі, у якое наўрад хто-небудзь хацеў бы трапіць па сваёй волі, ты раптам апынаесься ў свабодных умовах, не чакаўшы гэтага. Нейкі час ты думаеш, што гэта ўвогуле як бы падстава пад цябе, цябе вытураюць, а твая жонка і дзеці там. Што далей? Ну што яшчэ можа біць больш балюча?
Потым усё, яны тут. Прыяжджаеш, бачыш — ну і ўсё, як бы камень з плеч і шчасьця столькі, што ты ня можаш нармальна праяўляць яго, то бок абняцца, расцалавацца там, я ня ведаю. Ты гэта робіш, але ўсё роўна ў цябе гул у вушах стаіць — што адбылося?»
Новае знаёмства з сынам
«З сынам я буду знаёміцца ўжо другі раз. Першы раз мы знаёміліся ў тры гады, калі я пабачыў яго праз год пасьля разьвітаньня (забралі мяне, калі было яму два гады). Амаль праз год было першае доўгае спатканьне, куды ён мог прыехаць. Не пазнаў. Фактычна за дзень мяне там не пазнаў, бо тры гады — гэта яшчэ ня той узрост, калі можна так проста нейкаму дзядзьку выказаць нейкі давер увогуле за такі кароткі прамежак часу.
Потым, праз год, ужо ён мяне хутчэй прыняў, але тут зараз мы пакуль яшчэ наладжваем зь ім масты, бо крыху зашмат новых абставінаў для яго.
Дзеці таксама трошку ў стрэсавым стане, пры сустрэчы сказалі: «Тата, рады цябе бачыць». Яніна чакала. У Яніны траўма будзе нейкая, відаць, яна даволі дарослая дзяўчынка, яна разумее. Можа, ня ўсё, што адбываецца. Яна да гэтага часу баіцца, што я зьнікну зноўку.
«Што, цябе тут, — кажа, — не затрымаюць?». Кажу: «Не-не, цяпер усё будзе спакойна». Зь ёй яшчэ трэба будзе таксама наладжваць масты, тлумачыць ёй, што ўсё цяпер бясьпечна».
Пра калег за кратамі
«Учора, засынаючы, я хуценька прабегся па навінах, што сёньня адбывалася, і праз гэтыя спасылкі пабачыў спасылку на сьпіс затрыманых журналістаў. Я яго памятаю яшчэ з 2021 году. І я быў проста ўражаны, узрушаны вось гэтымі колькасьцямі экранаў, якія я прагортваў, і бачыў знаёмыя імёны, знаёмыя імёны, знаёмыя імёны.
Гэтыя знаёмыя імёны — і вось гэтае адчуваньне радасьці і шчасьця крыху паблякла, вяртаесься на зямлю: столькі журналістаў зараз сядзяць. То бок гэта, вядома, вельмі шакавальная інфармацыя, улічваючы тое, што калі ты сядзіш у калёніі, бачыш, як выходзяць людзі, у цябе мімаходзь ствараецца ўражаньне, што нейкае пацяпленьне.
А тут ты трапляеш у інфармацыю і бачыш, што людзей бяруць, прычым 2024 год, Божа мой, усё новае і новае, як быццам нейкі адкладзены плян, гэта такія даволі гнятлівыя ўражаньні стварае».
Перасьлед Андрэя Кузьнечыка
25 лістапада 2021 году Андрэя Кузьнечыка затрымалі каля дому, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. Спачатку яму двойчы прысудзілі па 10 дзён арышту нібыта за «дробнае хуліганства», а 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу. Сям’я і грамадзкасьць даведаліся пра сутнасьць абвінавачаньня толькі праз паўгода пасьля затрыманьня.
8 чэрвеня 2022 году Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Сваёй віны Андрэй Кузьнечык не прызнаў. За дзень да затрыманьня ён напісаў своеасаблівы маніфэст, у якім патлумачыў сваё рашэньне застацца ў Беларусі, нягледзячы на пагрозы.
У верасьні 2022 году МУС уключыла Кузьнечыка ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
У студзені на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі чатырохсэрыйны фільм пра журналістаў Радыё Свабода, якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь». У ім паказалі зьняволеных журналістаў Свабоды Андрэя Кузьнечыка і Ігара Лосіка, былога шматгадовага карэспандэнта менскага бюро РС Ігара Карнея, а таксама апазыцыйнага актывіста з амэрыканскім грамадзянствам Юрася Зянковіча.
Большую частку тэрміну Андрэя трымалі ў Наваполацкай папраўчай калёніі № 1. Апошнія некалькі месяцаў ён правёў у менскім сьледчым ізалятары КДБ, вядомым як «Амэрыканка».
Перасьлед Ігара Лосіка
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі цяпер застаюцца 40 супрацоўнікаў беларускіх мэдыя, уключна з журналістам Радыё Свабода Ігарам Лосікам і былым шматгадовым карэспандэнтам менскага бюро Радыё Свабода Ігарам Карнеем.
Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Яго абвінавацілі паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»), а пазьней яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. Цягам 41 дня (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021 году) Ігар трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ.
14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Камэнтуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў ягонай справе не было ніводнай экспэртызы і ніводнага паста, які б даказваў яго віну па прад’яўленых артыкулах.
18 кастрычніка 2022 году сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Яна датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 году.
Пасьля прысуду Ігара Лосіка ўтрымліваюць у Наваполацкай калёніі № 1. Шмат месяцаў ён правёў у памяшканьні камэрнага тыпу, неаднаразова яго пасылалі ў штрафны ізалятар. Праваабаронцам стала вядома, што ў сакавіку 2023 году Ігар у адказ на прэсінг з боку адміністрацыі калёніі лязом парэзаў сабе руку і шыю.
Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было ня менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або разьвіталіся з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па ліку абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Вядома, што апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 году.
Праваабаронцы прызналі Ігара і Дар’ю Лосікаў палітзьняволенымі. Рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у адвольных затрыманьнях прызнала, што ўрад Беларусі парушыў міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, кінуўшы яго за краты.
Форум