Электронная чарга для абітурыентаў на падачу дакумэнтаў у ВНУ пачне працаваць ужо ў 2025 годзе, паведаміў «Настаўніцкай газеце» начальнік Галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчаў.
Ужо сёлета ўдзельнікі ЦЭ і ЦТ 2024–2025 гадоў змогуць з дапамогай электроннай чаргі забраніраваць дату і час наведваньня прыёмных камісій ВНУ для падачы дакумэнтаў. Зрабіць гэта можна будзе ў асабістым кабінэце на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ).
Ужо ў лютым-сакавіку 11-клясьнікі, якія ўдзельнічалі ў рэпэтыцыйным цэнтралізаваным экзамэне і стварылі асабістыя кабінэты на сайце РІКВ, змогуць там жа азнаёміцца з сыстэмай электроннай чаргі, якая спачатку будзе працаваць у пілётным рэжыме. У поўным аб’ёме для ўсіх абітурыентаў электронная чарга запрацуе за некалькі дзён да пачатку прыёму дакумэнтаў у ВНУ. Яна будзе працаваць кругласутачна.
Карыстацца электроннай чаргой змогуць усе ўдзельнікі ЦЭ і ЦТ як гэтага, так і мінулага 2024 году. ю
Абітурыенты змогуць выбраць любыя тры ВНУ, факультэты і спэцыяльнасьці, куды плянуюць падаць дакумэнты. Пасьля гэтага яны павінны атрымаць на мабільны тэлефон СМС-паведамленьне ад РІКВ, у якім будуць указаныя абраныя ВНУ і спэцыяльнасьці, а таксама дата і час падачы дакумэнтаў. Пацьвярджэньнем выбару будзе талён, які абітурыент зможа загрузіць у сваім асабістым кабінэце на сайце РІКВ.
Пасьля рэгістрацыі інфармацыю накіруюць таксама ў выбраную абітурыентам ВНУ для плянаваньня працы прыёмнай камісіі, патлумачыў прадстаўнік Мінадукацыі. Чакаецца, што электронная чарга дапаможа пазьбегнуць вялікіх чэргаў у першыя і апошнія дні работы прыёмных камісій ВНУ.
Разам з тым усе абітурыенты па-ранейшаму могуць падаваць дакумэнты ва ўнівэрсытэты ў парадку жывой чаргі.
Форум