Былы дырэктар ААТ «Калінінскі», дэпутат, удзельнік «Усебеларускага народнага сходу» ад Добрускага раёну Віктар Байдаў праходзіць абвінавачаным у новай крымінальнай справе.
Яго прозьвішча зьявілася ў раскладзе раённага суду, які 13 лютага пачне разглядаць крымінальную справу аб перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў, а таксама службовай падробцы.
Пры гэтым Байдаў на волі, адзначае выданьне «Флагшток». Больш за тое — у студзені яго ўшаноўвалі ў былым калектыве, старонка ААТ «Калінінскі» публікавала здымак, на якім экс-дырэктара ўрачыста віншуюць з 70-годзьдзем.
Да юбілею Байдава станоўчы артыкул пра яго апублікавала газэта райвыканкаму «Добрушскі край». Але затым прапагандысты, відаць, выдалілі матэрыял — цяпер ён не адкрываецца пад спасылкай у пошуку. Сацыяльныя сеткі газэты таксама пачысьцілі ад згадак Байдава.
У лістападзе 2023 году чыноўнік быў сярод абвінавачаных у карупцыйных артыкулах: «Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі», «Службовая падробка», «Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў», а таксама «Злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі».
Форум