31-гадовага беларуса судзяць праз 2 гады пасьля затрыманьня
Максіма Ермаловіча затрымалі яшчэ ў студзені 2023 году. Тады праўладныя тэлеграм-каналы сьцьвярджалі, што ён паверыў ілжывай рассылцы нібыта ад пляну «Перамога» і напісаў, што гатовы «выконваць заданьні», піша Вясна.
Як адзначае «Наша ніва», уліковы запіс Ермаловіча дагэтуль актыўны і нехта пакідае зь яго камэнтары. Выданьне мяркуе, што гэтым займаецца ГУБАЗіК, бо затрымлівалі Максіма менавіта яны, а ўсе камэнтары прысьвечаныя крытыцы ўдзельнікаў ByPol, у кіраўніцтве якога былыя губазікаўцы.
Ермаловіча пачынаюць судзіць 11 лютага ў Менскім гарадзкім судзе. Абвінавачваюць яго паводле двух артыкулаў: «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «Ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Яму пагражае да 6 гадоў калёніі.
Працэс прызначылі весьці судзьдзю Анжэлу Касьцюкевіч.
За «экстрэмізм» будуць судзіць уладальніка гандлёвага цэнтру, які згарэў у Віцебску
Разгляд справы вядомага ў Віцебску бізнэсоўцы Віктара Вялюгі, распачатай паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), прызначаны на 19 лютага, ён пройдзе ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебску.
Судзьдзёй прызначана Кацярына Цыбульская — пераважна ёй у гэтым судзе аддаюць палітычныя адміністратыўныя справы, адзначаюць праваабаронцы.
Пасьля пажару з ГЦ «Беларусь» у мэдустановы трапілі два дзясяткі пацярпелых. Будынак цэнтру прызналі непрыдатным для далейшага выкарыстаньня, яго мяркуюць зьнесьці.
Неўзабаве пасьля пажару ў гандлёвым цэнтры Віктар Вялюга быў затрыманы: афіцыйныя СМІ паказалі яго ў наручніках. Паводле папярэдняй вэрсіі, пажар у гандлёвым цэнтры здарыўся празь няякасную праводку.
Футбольнага фаната з Воршы асудзілі на 7 дзён арышту за «распаўсюд экстрэмізму»
9 лютага ў судзе Воршы і Аршанскага раёну судзілі 25-гадовага Аляксея Сукорскага. Хлопца затрымалі на мінулым тыдні і зьмясьцілі ў ІЧУ. Судовы працэс праходзіў у Аршанскім РАУС. Адміністрацыйны пратакол за «распаўсюд экстрэмізму», складзены па ч. 2 арт. 19.11 КаАП, разбірала судзьдзя Юлія Вяршыніна. На судовы разбор яна патраціла ўсяго 10 хвілінаў, паведамляе «Вясна».
Што стала падставай для судовага разбору, пакуль няясна, але вынік вядомы: хлопца асудзілі на 7 дзён арышту.
Упершыню пад увагу сілавых структур хлопец трапіў яшчэ ў 2018 годзе. Тады падставай для судовага разбору стаўся інцыдэнт, які здарыўся на аршанскім стадыёне падчас матчу паміж футбольнымі камандамі Воршы і Ліды. Дзяжурныя міліцыянты заўважылі на шапцы Сукорскага нашыўку з надпісам «A.C.A.B.». Аляксея тады затрымалі. У выніку хлопец два дні правёў пад вартай, а судовы разбор скончыўся штрафам за «непадпарадкаваньне міліцыянтам».
Форум