Гэтыя прозьвішчы зьявіліся ў раскладзе судовых пасяджэньняў.
Дзьмітрыя Рыбко, Віталя Віньнічака і Алега Хамутоўскага вінавацяць у атрыманьні ад бізнэсоўцаў хабару ў вялікім памеры, а таксама ў злоўжываньні службовым становішчам. Па гэтых арыкулах пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
Інфармацыя аб справе закрытая, суд будзе праходзіць за зачыненымі дзьвярыма, дзяржаўныя СМІ амаль не ўдзялялі ўвагі справе Дзьмітрыя Рыбко, якога арыштавалі больш за год таму, у студзені 2024-га.
Дзьмітрыю Рыбко 50 гадоў, першым намесьнікам кіраўніка справаў ён адпрацаваў 1 год і 4 месяцы. Але ўсяго ў сыстэме Кіраўніцтва справаў ён прапрацаваў 20 гадоў.
Указ аб прызначэньні Аляксандар Лукашэнка падпісаў у верасьні 2022 году, ён ёсьць на сайце Лукашэнкі. Указу аб звальненьні Рыбко на сайце Лукашэнкі няма.
Гэта ня першы выпадак суду над адным з кіраўніком справаў Лукашэнкі.
Чым скончылася справа Жураўковай
Карупцыйныя скандалы ў Кіраўніцтве справаў Лукашэнкі здараюцца не ўпершыню. У 2005 годзе за крадзеж праз злоўжываньні службовым становішчам больш як 2 мільёнаў даляраў была асуджаная экс-кіраўніца справаў Галіна Жураўкова.
Суд прысудзіў былой чыноўніцы 4 гады зьняволеньня, але ў турме яна не сядзела, бо неўзабаве пасьля працэсу яе памілаваў Аляксандар Лукашэнка. У выніку з прызначанага тэрміну Жураўкова адбыла толькі 4 месяцы ў сьледчым ізалятары і некалькі месяцаў пад падпіскай аб нявыезьдзе, пасьля чаго пераехала ў Расею.
У 2005 годзе разам з Галінай Жураўковай на лаве падсудных апынуліся падпарадкаваныя ёй кіраўнікі дзяржаўнага прадпрыемства «Белая Русь» Аляксандар Мурашка і Юры Матусевіч, якія атрымалі па 4 гады зьняволеньня і адбывалі пакараньне ў калёніі.
З 2013-га па 2021 год Кіраўніцтва справаў Лукашэнкі ўзначальваў Віктар Шэйман, якога падазраюць у арганізацыі выкраданьня дзеячоў апазыцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Віктар Шэйман знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША з 2006 году. У 2020 годзе пад санкцыі Эўразьвязу трапіла і Кіраўніцтва справаў Лукашэнкі, якім тады кіраваў Шэйман.
Форум