«Злучаныя Штаты не адмаўляюцца ад аказаньня дапамогі замежным дзяржавам, аднак структура і працэс аказаньня гэтай дапамогі павінны быць рэарганізаваныя, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў ЗША», — дзяржаўны сакратар Марка Рубіё сказаў пра гэта у размове са Скотам Джэнінгсам, які вядзе падкаст Patriot на SiriusXM, піша Голас Амэрыкі.
Адказваючы на пытаньне аб сур’ёзных зьменах у працы Агенцтва ЗША ў міжнародным разьвіцьці (USAID), ініцыяваных адміністрацыяй Дональда Трампа, і аб узьніклых спэкуляцыях наконт магчымай адмовы ЗША ад аказаньня дапамогі іншым дзяржавам, Рубіё дадаў:
«Уяўленьне аб тым, што мы павінны траціць ад 40 да 60 мільярдаў даляраў на замежную дапамогу і што ўсе гэтыя грошы ідуць на разумныя мэты, абсурднае. Частка гэтых сродкаў траціцца неэфэктыўна. Наша задача простая: перагледзець усю нашу замежную дапамогу — значная частка праходзіць праз USAID, частка праз Дзярждэпартамэнт — вызначыць праекты, якія сапраўды падтрымліваюць нашы нацыянальныя інтарэсы, і працягнуць фінансаваньне гэтых ініцыятыў, а таксама пазбавіцца тых, якія зьяўляюцца пустым марнаваньнем грошай або нават супярэчаць нашым інтарэсам у сьвеце».
Цяпер, паводле Рубіё, Злучаныя Штаты прыпынілі ўсю замежную дапамогу і аналізуюць «праект за праектам».
«Тыя, якія ня маюць сэнсу, будуць выключаныя, а тыя, якія прыносяць карысьць, будуць захаваныя ці нават узмоцненыя».
Рубіё адзначыў плён сваёй паездкі ў краіны Цэнтральнай Амэрыкі — Панаму, Сальвадор, Коста-Рыку, Гватэмалу і Дамініканскую Рэспубліку.
Ён падкрэсьліў «вельмі пазытыўнае» стаўленьне ўладаў усіх гэтых краін да ЗША. Дзяржаўны сакратар падкрэсьліў, што ўсе названыя дзяржавы маюць шмат праблем праз наркатрафік, які праходзіць празь іх.
З 14 па 16 лютага Рубіё будзе ўдзельнічаць у Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы. Пра гэта было асобнае пытаньне. Амэрыканскі чыноўнік адзначыў, што будзе там на парадку дня.
«У Мюнхэне асноўная мэта — пацьвердзіць нашу пазыцыю. Хаця канфэрэнцыя праходзіць у Эўропе, яна тычыцца ня толькі Эўропы. Там зьбіраюцца лідэры з усяго сьвету. Але, безумоўна, галоўным пытаньнем для ўсіх будзе вайна ва Ўкраіне. Прэзыдэнт Трамп ясна даў зразумець, што гэтая вайна павінна скончыцца. Ён пачынае выбудоўваць шырокі плян для рэалізацыі гэтай ідэі, бо спыненьне канфлікту ў інтарэсах усіх бакоў. Відавочна, мы будзем абмяркоўваць гэтае пытаньне зь міністрамі замежных спраў і іншымі сусьветнымі лідэрамі», — сказаў Рубіё.
Пасьля гэтага дзяржсакратар наведае некалькі блізкаўсходніх дзяржаў, уключаючы Ізраіль, ААЭ, Катар і Саудаўскую Арабію. Тут Рубіё бачыць інтарэс у тым, каб «Хэзбала», прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША, больш не пагражала Ізраілю з тэрыторыі Лібану, а таксама ў тым, каб Сырыя больш не залежала ад тэрарыстаў з «Ісламскай дзяржавы», Ірану і Расеі.
Рубіё падкрэсьліў намер адміністрацыі Трампа спрыяць мірным працэсам на Блізкім Усходзе, пагадненьню паміж Ізраілем і Саудаўскай Арабіяй. У такім выпадку, на думку амэрыканскага дзяржсакратара, становішча ў рэгіёне будзе зусім іншым.
Форум