У студзені 2025 году ў Беларусі прадалі 4299 новых легкавых і лёгкіх камэрцыйных аўтамабіляў — у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году адбыўся больш як двухразовы рост продажаў, паведаміў намесьнік старшыні праўленьня Беларускай аўтамабільнай Андрэй Ткачоў.
На думку экспэрта, на дынаміку рынку станоўча паўплывала як зьяўленьне новых мадэляў, так і тое, што па многіх брэндах і мадэлях цэнаўтварэньне ў Беларусі — «адно з самых даступных адносна іншых краін Эўразійскага эканамічнага саюзу».
«На беларускім рынку новы лідэр — першае месца па выніках месяца ўпэўнена заняў брэнд LADA з продажамі 1706 аўтамабіляў і доляй рынку 39,7%», — паведаміў Ткачоў.
Дагэтуль безумоўнае лідэрства доўгі час належала кітайскаму вытворцы зь беларускай лякалізацыяй Geely (BelGee).
Важным момантам для рынку новых аўтамабіляў прадстаўнік асацыяцыі назваў рэкордную, паводле яго, долю продажаў экалягічных аўтамабіляў: іх сумарныя продажы ў студзені дасягнулі 586 штук (14,2% ад продажаў легкавых аўтамабіляў).
Экспэрт прагназуе, што ў 2025 годзе будзе праходзіць «трансфармацыя аўтамабільнага рынку», якая ўжо «прасочвалася летась», і ўсё больш і больш спажыўцоў у Беларусі будуць рабіць выбар на карысьць гібрыдаў і электрамабіляў.
Падрабязныя зьвесткі па продажах новых легкавых і лёгкіх камэрцыйных аўтамабіляў за студзень 2025 году, як і за 2024 год, у адкрытым доступе не публікуюцца.
- З пачатку 2025 году банкі перасталі выдаваць ільготныя крэдыты на набыцьцё айчынных легкавых аўтамабіляў Geely і BelGee.
- Напрыканцы студзеня Аляксандар Лукашэнка працягнуў гэтую праграму крэдытаваньня насельніцтва. Раней ільготныя крэдыты на Geely і BelGee можна было атрымаць пад 5,2-6% гадавых.
- З 6 лютага «Беларусбанк» пачаў выдаваць крэдыты на аўтамабілі BelGee (на мадэлі S50, X50, X70 пры іх куплі праз афіцыйных дылераў кампаніі «БЕЛДЖЫ»), пры гэтым стаўкі па крэдытах — 14,5% гадавых (стаўка рэфінансаваньня плюс 5 %), але 36 месяцаў яна будзе паніжанай — 9%. Крэдыт можна атрымаць на тэрмін да 10 год.
Форум