Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў 5 лютага, што ня будзе ўдзельнічаць у сустрэчы міністраў замежных спраў «Вялікай дваццаткі» (G20) у канцы лютага ў Паўднёвай Афрыцы. Прычына — палітыка гэтай краіны ў галіне прыроды і зьменаў клімату, а таксама прасоўваньня разнастайнасьці, роўнасьці і інтэграцыі.
«Паўднёвая Афрыка робіць вельмі дрэнныя рэчы. Экспрапрыяцыя прыватнай уласнасьці. Выкарыстаньне G20 для прасоўваньня „салідарнасьці, роўнасьці і ўстойлівага разьвіцьця“ (ангельская абрэвіятура DEI) і зьмяненьня клімату», — напісаў Рубіё на X. «Мая праца — прасоўваць нацыянальныя інтарэсы Амэрыкі, а не марнаваць грошы падаткаплатнікаў або песьціць антыамэрыканізм».
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп скептычна ставіцца да праблемаў зьмены клімату, у студзені ён другі раз вывеў ЗША з Парыскага пагадненьня.
Трамп паскардзіўся на зямельную палітыку Паўднёвай Афрыкі, заявіўшы, што «Паўднёвая Афрыка канфіскуе зямлю» і «зь некаторымі клясамі людзей» абыходзяцца «вельмі дрэнна». Акрамя таго, мільярдэр паўднёваафрыканскага паходжаньня Ілан Маск, якога Трамп назваў сваім «каралём эфэктыўнасьці», абвінаваціў сваю радзіму ў «адкрыта расісцкіх законах аб уласнасьці» і выказаў здагадку, што ахвярамі сталі белыя людзі.
Пытаньне аб зямельнай уласнасьці ў Паўднёвай Афрыцы вострае таму, што чарнаскурых у часы каляніялізму і апартэіду пазбаўлялі зямлі. На мінулым тыдні прэзыдэнт Паўднёвай Афрыкі Сірыл Рамафоса абараняў зямельную палітыку дзяржавы, заявіўшы, што ўрад не канфіскоўваў зямлю і што палітыка накіраваная на забесьпячэньне справядлівага доступу насельніцтва да зямлі.
«Нядаўна прыняты Закон аб экспрапрыяцыі — гэта не інструмэнт канфіскацыі, а прадугледжаны Канстытуцыяй юрыдычны працэс, які забясьпечвае доступ грамадзкасьці да зямлі на роўнай і справядлівай аснове ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй», — напісаў Рамафоса на X.
Рамафоса паразмаўляў з Маскам 4 лютага, каб выказаць занепакоенасьць «дэзынфармацыяй», якая, на яго думку, распаўсюджваецца прэзыдэнтам ЗША.
Паводле зямельнага аўдыту ПАР 2017 году, белыя землеўладальнікі па-ранейшаму валодаюць трыма чвэрцямі сельскагаспадарчых угодзьдзяў Паўднёвай Афрыкі. Чарнаскурым людзям тым часам належыць усяго 4% зямель, пры тым, што яны складаюць 80% насельніцтва.
У G20 уваходзяць Аргентына, Аўстралія, Вялікая Брытанія, Бразылія, Канада, Кітай, Францыя, Нямеччына, Індыя, Інданэзія, Італія, Японія, Паўднёвая Карэя, Мэксыка, Расея, Саудаўская Арабія, ПАР, Турэччына і ЗША. Два рэгіянальныя органы — Эўрапейскі Зьвяз і Афрыканскі Зьвяз — таксама зьяўляюцца сябрамі аб’яднаньня.
Форум