Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камандзіра менскага АМАПу Балабу звольнілі, перад гэтым яго выбралі старшынём таварыства «Дынама»


Кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў уручыў камандзіру АМАПу Дзьмітрыю Балабу ганаровую грамату ведамства, 5 лютага 2025
Кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў уручыў камандзіру АМАПу Дзьмітрыю Балабу ганаровую грамату ведамства, 5 лютага 2025

На пасяджэньні калегіі гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных спраў Мінгарвыканкама таксама абмеркавалі вынікі работы падразьдзелаў гарадзкой міліцыі ў 2024 годзе.

Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў узяў удзел у пасяджэньні калегіі гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, на якім абвясьціў аб звальненьні Дзьмітрыя Балабы з пасады камандзіру сталічнага АМАПу.

Як адзначаецца ў паведамленьні МУС Беларусі, калегія пачалася з цырымоніі ўшанаваньня Дзьмітрыя Балабы ў сувязі зь яго прызначэньнем на пасаду старшыні рэспубліканскага дзяржаўна-грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама», на якую яго выбралі 29 студзеня.

Якія-небудзь іншыя дэталі ў паведамленьні МУС адсутнічаюць.

У той жа час Свабодзе пацьвердзілі ў таварыстве «Дынама», што Дзьмітры Балабу працуе ў іх з 30 студзеня, а з гарадзкой міліцыі яго звольнілі.

Што вядома пра Дзьмітрыя Балабу

Дзьмітрыю Балабу 52 гады. Ён уключаны ў санкцыйныя сьпісы дэмакратычных краін за рэпрэсіі, падаўленьне пратэстаў і адвольныя арышты пасьля выбараў 2020 году.

У кастрычніку 2020 году ў дачыненьні да яго ўвялі санкцыі Эўразьвяз і ЗША, да іх пазьней далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Ўкраіна. Таксама восеньню 2020 году Балабу ўключылі ў свае санкцыйныя сьпісы Канада, Вялікая Брытанія, Швайцарыя.

27 студзеня ўрад Канады паведаміў аб увядзеньні санкцый у дачыненьні да 10 фізычных і 12 юрыдычных асоб Беларусі. Сярод юрыдычных асоб, у дачыненьні да якіх уведзеныя канадзкія санкцыі, — Атрад міліцыі асаблівага прызначэньня (АМАП), сярод фізычных асоб — жонка і дзеці камандзіра АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Вольга Маршаловіч, Арцём і Максім Балабы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG