Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп выводзіць ЗША з Рады правоў чалавека ААН і агенцтва дапамогі палестынцам


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб'явіў аб выхадзе ЗША з Рады правоў чалавека ААН (UNHRC) і заявіў, што Вашынгтон ня будзе аднаўляць фінансаваньне агенцтва ААН, якое дапамагае палестынскім уцекачам.

Дональд Трамп падпісаў указ 4 лютага, незадоўга да сустрэчы з прэмʼер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу, краіна якога даўно абвінавачвае UNHRC і Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізацыі работ (UNRWA) у перадузятасьці супраць Ізраіля і антысэмітызьме.

Згодна з указам, UNRWA нібыта было інфільтравана ўдзельнікамі груповак, прызнаных ЗША замежнымі тэрарыстычнымі арганізацыямі, у той час як UNHRC дазваляў парушальнікам правоў чалавека выкарыстоўваць сваю арганізацыю для абароны ад крытыкі.

Указ таксама прадугледжвае перагляд удзелу ЗША ў Арганізацыі Абʼяднаных Нацый у пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO).

У дакумэнце сьцьвярджаецца, што UNESCO не змагла правесьці рэформы, на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя дэманстравала антыізраільскую пазыцыю і ня вырашыла праблему запазычанасьці.

Указ таксама прадугледжвае шырокамаштабную праверку фінансаваньня ЗША шматбаковых арганізацый, якая павінна быць завершана на працягу 180 дзён. Мэта праверкі — вызначыць, якія арганізацыі, канвэнцыі і дамовы «супярэчаць інтарэсам ЗША» і ці могуць яны быць рэфармаваныя.

Трамп ужо выводзіў ЗША з Рады правоў чалавека ААН падчас свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну. Тагачасны амбасадар ЗША пры ААН Нікі Гэйлі абвінаваціла Раду ў «хранічнай перадузятасьці супраць Ізраілю» і ўказала на прысутнасьць у яго складзе краін, якія парушаюць правы чалавека.

Папярэдні прэзыдэнт Джо Байдэн быў аднавіў падтрымку Рады ААН, але ў верасьні 2024 году абвясьціў, што ЗША ня будуць дабівацца другога запар тэрміну сяброўства ў арганізацыі, дзе ёсьць 47 удзельнікаў.

Рада правоў чалавека ААН займаецца разглядам справаздач аб выкананьні правоў чалавека ў розных краінах і расьсьледаваньнем канкрэтных выпадкаў парушэньняў, у тым ліку ў Беларусі.

Дакладчыкам ААН аб правах чалавека ў Беларусі з 2024 году зьяўляецца Нілс Муйжніекс.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG