Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 тысяч надрукаваных экзэмпляраў, прызнаньне іншых дзяржаў. Як беларусы здолелі стварыць свой дакумэнт у эміграцыі


Пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі
Пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі

Знаўца пашпартоў БНР расказаў Свабодзе, як у беларусаў сто гадоў таму атрымалася зрабіць альтэрнатыўны легітымны пашпарт, зь якім беларускія эмігранты маглі падарожнічаць у Амэрыку.

Больш за год беларусы абмяркоўваюць «пашпарты Новай Беларусі». Гаворка пра іх зайшла пасьля таго, як Лукашэнка ў 2023 годзе забараніў беларускім грамадзянам мяняць пратэрмінаваныя пашпарты за мяжой. У выніку многія палітуцекачы зь Беларусі, ня маючы магчымасьці зрабіць гэта на радзіме празь небясьпеку, могуць застацца без ідэнтыфікацыйнага дакумэнта.

Чакалася, што пашпарт «Новай Беларусі», які распрацоўвае Абʼяднаны пераходны кабінэт, заменіць пашпарт Рэспублікі Беларусь. Аднак цяпер ён выглядае хутчэй як сымбалічны дакумэнт. Нядаўна літоўская фірма адмовілася друкаваць гэтыя пашпарты пасьля крытыкі ініцыятывы ў Літве.

Праект «пашпарта новай Беларусі»
Праект «пашпарта новай Беларусі»

Пашпарт вяйшнорца і грамадзянства Незалежнай Рэспублікі Мроя

Беларусы спрабуюць стварыць альтэрнатыўны афіцыйнаму пашпарт ня першы раз.

У 1998 годзе выйшаў у сьвет музычны альбом «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.» («Незалежнай Рэспублікі Мроя») аднайменнага гурту. Прыхільнікі творчасьці музыкаў маглі выразаць сабе «пашпарт» з вокладкі альбома проста нажніцамі, самастойна ўклеіўшы туды фатаздымак і запісаўшы свае асабістыя зьвесткі.

У 2017 годзе беларусы маглі падаць заяўку на атрыманьне «пашпарта вяйшнорца». Дзяржава-мэм Вяйшнорыя зьявілася пасьля брыфінгу Генштабу беларускага войска пра беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017». Тады «Вяйшнорыяй» беларускія вайскоўцы назвалі тэрыторыю ўмоўнага праціўніка. На мапе яна цягнулася ўздоўж заходняй мяжы Беларусі.

Беларусы адрэагавалі хваляй мэмаў. Прыдумалі сьцяг, герб і гімн віртуальнай краіны. У Twitter зьявілася Міністэрства замежных справаў і акаўнт прэзыдэнта прыдуманай дзяржавы. У 2022 годзе мэдыя з назвай «Вяйшнорыя» рэжым Лукашэнкі абвясьціў «экстрэмісцкім».

Вяйшнорыя на мапе
Вяйшнорыя на мапе

Аднак у беларускай гісторыі ўсё ж быў выпадак, калі альтэрнатыўны беларускі ўрад здолеў стварыць правамоцныя дакумэнты для беларусаў. Улетку 1919 году сталі выдаваць агульнаграмадзянскія пашпарты Беларускай Народнай Рэспублікі. У віленскім архіве, у бібліятэцы Акадэміі навук фонду музэю Івана Луцкевіча захаваўся пусты блянк пашпарта БНР. Надпісы на ім па-беларуску, па-француску, па-нямецку. Перад гэтым, у 1918 годзе, урад БНР выдаваў пасьведчаньні, зь якімі можна было перасякаць межы дзяржаваў і фронту.

«Татальны балаган»

Ігнат* (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) займаецца вывучэньнем гісторыі пашпартоў БНР шмат гадоў. Ён кажа, што гэты дакумэнт, у адрозьненьне ад сымбалічнага «пашпарта Новай Беларусі», даваў грамадзянам БНР рэальныя правы. Прычына гэтага посьпеху, на думку суразмоўцы, у кантэксьце, у якім той дакумэнт зьявіўся.

«Фактычна яшчэ працягвалася Першая ўсясьветная вайна, якая фармальна скончылася для сьвету... Сытуацыя была вельмі няпэўная. Тая Савецкая Беларусь, яна ўзьнікла, тут жа прапала. Узьнік ЛітБел. Пасьля зноў нічога. Быў вакуўм на гэтым месцы», — расказвае суразмоўца.

У такі пэрыяд урад БНР і пачаў выдаваць свае пашпарты. Суразмоўца мяркуе, што ўлады БНР удала выкарысталі час няпэўнасьці ў сьвеце.

«Татальны балаган. Эўропа яшчэ такая няясная. Яшчэ гэтыя межы толькі-толькі зацьвярджаліся, узьнікла Ліга нацыяў. Не было цьвёрдасьці, рэгіднасьці ў міжнародных праўных пытаньнях», — камэнтуе экспэрт.

Ад 5 да 50 марак

Пашпарты БНР друкавалі ў Бэрліне зь лета 1919 году, расказвае Ігнат. У іх было 12 старонак. На сьветла-ружовай або цёмна-сіняй вокладцы была выява Пагоні. У ім пазначалі дату і месца нараджэньня, падданства, асаблівыя прыкметы: рост, колер валасоў, вачэй.

У 1919 годзе здарыўся выпадак, калі ўладальнікі пашпарта БНР мелі праблемы праз Пагоню ў Літве. Сакратар місіі БНР у Рызе Янка Чарапук разам з двума паплечнікамі ехалі з Рыгі ў Бэрлін. Але іх затрымалі на літоўскай мяжы за «літоўскі герб» на пашпарце і асудзілі. У выніку беларусы месяц правялі ў ковенскай турме. Выкарыстаньне Пагоні беларусамі ў якасьці нацыянальнага сымбаля выклікае пытаньні ў літоўскіх уладаў і праз сто гадоў пасьля тых падзей.

Са словаў Ігната, на пачатку ХХ стагодзьдзя стварэньне пашпарта БНР было ня толькі палітычным, але і эканамічным праектам, які дазваляў беларускаму эміграцыйнаму ўраду зарабіць грошай. Пашпарты выдавалі на 6 месяцаў. За іх трэба было заплаціць 50 марак для праезду ў старыя дзяржавы, 25 марак — для праезду ў новаствораныя на тэрыторыі былой Расеі. Для зусім бедных і былых ваеннапалонных дзейнічала зьніжка. Яны меліся аддаць за пашпарт 5 марак.

«Беларускім структурам было важна як мага болей гэтых пашпартоў выдаць, сабраць чым болей сродкаў на сваё такое ўбогае існаваньне», — камэнтуе Ігнат.

Пашпарт БНР з калекцыі музэю Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане
Пашпарт БНР з калекцыі музэю Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане

10 тысяч блянкаў

Паводле закону Рады БНР аб грамадзянстве, беларускімі грамадзянамі лічылі ўсіх, хто на пачатак 1914 году жыў на тэрыторыі Беларусі (такой лічылася тэрыторыя абвешчанай незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. — РС) і мелі расейскае падданства. Такіх людзей аўтаматычна залічвалі ў беларускае грамадзянства і выдавалі пашпарты. Ігнат адзначае, што пашпарты БНР выдавалі ня толькі беларусам.

«Вялікі нацыянальны паэт Ізраіля Хаім Нахман Бялік, які зь Беларусьсю нічога ня меў агульнага, апрача таго, што вучыўся ў Валожынскай ешыве, атрымаў гэты дакумэнт. Вельмі актыўная была місія ў Канстантынопалі. Ермачэнка быў консул, і ён там выдаваў налева і направа, бо там засталіся масы вайскоўцаў Белай арміі, афіцэраў, у тым ліку беларусаў», — дзеліцца суразмоўца.

Усяго ў розны час надрукавалі 10 тысячаў блянкаў для пашпартоў БНР. Аднак невядома, колькі зь іх выдалі рэальным асобам.

«Гэта тысячы людзей, якія бадзяліся па Эўропе, па ўсім сьвеце і ў якіх у выніку гэтай ваеннай заварухі, можа, ніякіх дакумэнтаў не засталося», — камэнтуе экспэрт сытуацыю з пашпартамі БНР.

Ён адзначае, што БНР як дзяржаву юрыдычна не прызнала ніводная краіна, але пашпарты БНР дэ-факта многія краіны прызнавалі за легітымныя. Яны служылі праязным дакумэнтам. Зь імі можна было падарожнічаць.

«Сотні, а можа і тысячы людзей з гэтымі пашпартамі перасякалі і акіяны, і межы. У паваенным балагане гэта дзейнічала. Ніхто там асабліва доўга не разьбіраўся. Бачаць нейкі пашпарт, бачаць нейкія блянкі, штампы, пячаткі — давалі на іх візы і дазволы на выезд. Ён функцыянаваў, пакуль не ўсталяваліся нейкія больш жорсткія правілы», — кажа суразмоўца.

Ён падсумоўвае, што пашпарт БНР дзейнічаў прыкладна да 1921 году, пакуль яго прымалі замежныя дзяржавы. У 1921 годзе РСФСР і Польшча падпісалі Рыскі мір, які вызначаў новыя межы паміж дзяржавамі. На думку адмыслоўца, прыкладна ў гэты ж час скончыліся масавыя міграцыі беларусаў. Аднак паводле гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага, пашпарты БНР выкарыстоўвалі да канца 1920-х гадоў.

«1921 год я ўмоўна бяру як мяжу, бо быў Рыскі мір і гэтая тэрыторыя на 20 гадоў была ўжо канкрэтна расьпісаная, што ёсьць чыё. Ужо нельга было сказаць, што там невядома што цяпер робіцца, так што пакуль мы такія самыя прэтэндэнты на ўладу. Пасьля сакавіка 1921-га, думаю, гэта б ужо не прайшло. Яны б сказалі: „Дзе вы там? Менск — гэта БССР ці Савецкая Расея. Горадня, Берасьце — гэта Рэч Паспалітая польская“», — кажа экспэрт.

Суразмоўца адзначае, што складана падлічыць, колькі краінаў прызнавалі пашпарты БНР.

«Трэба максымальна гэтыя пашпарты сабраць і сачыць там траекторыі гэтых людзей, чые там візы і штампы стаяць. Думаю, гэта маларэальная задача. Мы можам прыблізна гаварыць. Мы ведаем, што ў Амэрыцы гэтыя пашпарты знаходзіліся», — разважае экспэрт.

«Няма падставаў»

Паводле Ігната, «пашпарты Новай Беларусі» ня могуць выконваць функцыю паўнавартасных дакумэнтаў. Ён паўтарае, што розьніца з пашпартамі БНР — у гістарычным кантэксьце.

«У ХХІ стагодзьдзі правілы ўсім ясныя. Цяпер інфармацыю пра любую краіну сьвету і пра сытуацыю ў ёй любая ўстанова можа атрымаць за хвіліну. Людзі, якія маглі б прэтэндаваць на „пашпарт Новай Беларусі“, фармальна ёсьць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, якая мае прызнаную ў сьвеце дзяржаўнасьць», — кажа суразмоўца.

Ён дадае, што ніхто не аспрэчвае незалежнасьць Беларусі і яе права мець свой пашпарт. Таму і няма падставаў для ўзьнікненьня легітымнага альтэрнатыўнага дакумэнта.

«Пытаньне аб прызнаньні легітымнасьці ўлады — іншая справа», — адзначае ён.

Другой прычынай, чаму «пашпарт Новай Беларусі» ня стане легітымным, экспэрт называе тое, што ў эўрапейскіх краінах яму ёсьць замена. Яны выдаюць праязныя дакумэнты, зь якімі можна падарожнічаць. Яны могуць замяніць пашпарты беларусам, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяньня пашпарта.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG