Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША знайшлі целы ўсіх ахвяр катастрофы пасьля сутыкненьня самалёта і верталёта


Абломкі самалёта, які пасьля суткненьня зь верталётам упаў у раку Патомак у Вашынгтоне
Абломкі самалёта, які пасьля суткненьня зь верталётам упаў у раку Патомак у Вашынгтоне

Парэшткі ўсіх 67 ахвяр сутыкненьня ў паветры, якое адбылося на мінулым тыдні паміж рэйсам American Airlines і вайсковым верталётам недалёка ад Вашынгтона, ужо знайшлі, паведамілі мясцовыя ўлады 5 лютага. Апазнаныя ўсе, акрамя аднаго чалавека.

Тым часам Нацыянальная рада бясьпекі на транспарце ЗША (NTSB) паведаміла, што вывучае новыя дадзеныя, якія могуць сьведчыць аб тым, што верталёт перавысіў сваю гранічную столь у 200 футаў (61 мэтар), піша агенцтва AP.

Сьледчыя заявілі, што ім неабходна атрымаць дадатковую інфармацыю зь верталёта Black Hawk, які знаходзіцца пад вадой, для пацьверджаньня дадзеных.

Бартавы самапісец самалёта зафіксаваў яго вышыню на ўзроўні 325 футаў (99 мэтраў) з дапушчальнай хібнасьцю плюс-мінус 25 футаў (7,6 мэтра).

Раней у гэты дзень каманды, якія працуюць у складаных умовах, паднялі некалькі буйных частак лайнэра з ракі Патомак, уключаючы правае крыло, цэнтральную частку фюзэляжа, часткі пярэдняй кабіны, кабіну пілётаў, хваставую частку і руль.

Па словах афіцыйных асоб, галоўны судмэдэкспэрт зоймецца канчатковай ідэнтыфікацыяй апошніх парэшткаў.

Увечары 29 студзеня ў выніку сутыкненьня з вайсковым верталётам пад Вашынгтонам пацярпеў крушэньне рэгіянальны пасажырскі самалёт авіякампаніі American Airlines. На яго борце былі 64 чалавекі, у тым ліку вядомыя фігурысты.

Спачуваньні ўсёй алімпійскай сям’і ў сувязі з трагедыяй перадаў і кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах.

На борце вайсковага верталёта Sikorsky UH-60 Black Hawk з Форту Белвуар (штат Вірджынія), які выконваў вучэбны палёт, знаходзіліся трое вайскоўцаў.

Сутыкненьне самалёта Bombardier CRJ700 з вайсковым верталётам Sikorski UH-60 адбылося пры падлёце да аэрапорта імя Рональда Рэйгана. Пасажырскі самалёт упаў у раку Патомак.

Расьсьледаваньне прычынаў сутыкненьня, якое прывяло да крушэньня пасажырскага самалёта і вайсковага верталёта каля аэрапорту імя Рональда Рэйгана, працягваецца. Поўнае расьсьледаваньне звычайна займае год ці больш, але папярэднюю справаздачу яны спадзяюцца падрыхтаваць на працягу 30 дзён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG