Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары вёскі ва Ўкраіне выйшлі пратэставаць супраць узмацненьня ўкраінска-беларускай мяжы


Украінска-беларуская мяжа, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Украінска-беларуская мяжа, архіўнае ілюстрацыйнае фота

У Ровенскай вобласьці Ўкраіны мясцовыя жыхары на працягу некалькіх гадзінаў пратэставалі каля кантрольнага паста памежнікаў і паліцыі, выказваючы незадаволенасьць праверкамі і мерапрыемствамі па ўмацаваньні беларуска-ўкраінскай мяжы, паведамляе «Українська правда».

Як паведаміў выданьню сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны палкоўнік Андрэй Дземчанка, у панядзелак 3 лютага жыхары вёскі Старое Сяло Ровенскай вобласьці на некалькі гадзін блякавалі кантрольны пост, на якім нясуць службу вайскоўцы Дзяржаўнай памежнай службы і супрацоўнікі Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.

Асноўныя патрабаваньні, якія гучалі ад грамадзян, — не ажыцьцяўляць праверку транспарту і вайскова-ўліковых дакумэнтаў у мужчын, прыбраць кантрольны пост, а таксама дазволіць бесьперашкодна зьбіраць дзікаросы побач зь беларуска-ўкраінскай мяжой, нягледзячы на вызначаныя заканадаўствам рэжымныя абмежаваньні, якія дзейнічаюць у прымежжы.

Паводле Дземчанкі, зь людзьмі правялі «тлумачальную працу». Празь некаторы час кантрольны пост разблякавалі, а рух па дарозе аднавілі.

Пры гэтым прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны зазначыў, што пратэстоўцы «адзначылі, што могуць паўторна блякаваць дарогу». Паводле яго, такое адбываецца не ўпершыню.

27 студзеня 2025 году ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што будуць працягваць узмацняць абарону на мяжы зь Беларусьсю, пакуль яна знаходзіцца пад уплывам Расеі.

  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Пасьля гэтага Ўкраіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
  • Да студзеня 2023 году ў Ровенскай вобласьці Ўкраіны замінавалі ўвесь памежны пэрымэтар зь Беларусьсю, апроч балотных участкаў — агульнай працягласьцю 229 кілямэтраў. Агулам у канцы 2023 году шчыльнасьць усталяваных мінаў на памежнай з Расеяй і Беларусьсю тэрыторыі з чэрвеня 2022 году павялічылі ў 16 разоў і паставілі больш за 500 тысяч супрацьтанкавых мін.
  • Украіна працягвае ўмацоўваць свае межы ў беларускім кірунку, ствараючы шматузроўневыя лініі абароны з інжынэрнымі фартыфікацыямі, супрацьтанкавымі равамі і мінна-выбуховымі загародамі.
  • У Беларусі таксама збудавалі абарончыя ўмацаваньні на мяжы з Украінай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG