Такое рашэньне прыняла міжнародная фэдэрацыя хакею, пішуць расейскія СМІ. Спачатку рашэньне прынялі па зборнай Расеі, затым стала вядома і пра забарону для беларусаў.
ІІХФ па выніках пасяджэньня выпусьціла камюніке з тлумачэньнем сваіх дзеяньняў. Арганізацыя не гарантуе бясьпекі на турнірах у выпадку ўдзелу хакеістаў дзьвюх краінаў. Забарона на ўдзел тычыцца і клюбных камандаў з Расеі і Беларусі.
Першынство сьвету налета прыме Швайцарыя, турнір адбудзецца ў Цюрыху і Фрыбургу.
Зборную Расеі з 2022 году не дапускаюць на хакейныя турніры сярод юнакоў, моладзі і дарослых пасьля поўнамаштабнага нападу гэтай дзяржавы на Ўкраіну. З таго ж часу не пускаюць на міжнародную арэну і каманды Беларусі, бо рэжым Лукашэнкі, які знаходзіцца пры ўладзе ў краіне, дапамагае расейцам у вайне.
За жорсткае здушэньне пратэстаў Беларусь пазбавілі права на правядзеньне чэмпіянату сьвету ў 2021 годзе. Тады, яшчэ да афіцыйнага рашэньня міжнароднай фэдэрацыі, шэраг нацыянальных камандаў і кампаній-фундатараў першынства заявілі, што ні ў якім выпадку ня будуць далучацца да турніру. У выніку спаборніцтвы правялі толькі ў Рызе, якая першапачаткова мелася прымаць чэмпіянат сьвету разам зь Менскам.
Зборныя Беларусі і Расеі не выступаюць у чэмпіянатах сьвету пачынаючы з 2022 году. 28 лютага, ужо празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, калі напад адбыўся з тэрыторыі Беларусі, Рада ІІХФ упершыню адхіліла дзьве гэтыя каманды ад спаборніцтваў. Далей забарона штогод працягвалася.
Форум