Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гданьску прайшоў Форум Касьцюшкі, прысьвечаны стратэгічнаму бачаньню вяртаньня Беларусі ў эўрапейскую сям’ю


Сымболіка Форуму Касьцюшкі ў Гданьску
Сымболіка Форуму Касьцюшкі ў Гданьску

У Гданьску 3–4 лютага праходзіць міжнародны Форум Касьцюшкі ў падтрымку дэмакратычнай будучыні Беларусі.

Форум, арганізаваны Польшчай у рамках яе старшынства ў Эўразьвязе, прысьвечаны эўрапейскай салідарнасьці, дэмакратыі і стратэгічнаму бачаньню вяртаньня Беларусі ў эўрапейскую сям’ю.

Другі дзень форуму 4 лютага пачаўся з ускладаньня кветак да помніка працаўнікам Гданьскага порту, якія загінулі падчас трагічных падзеяў сьнежня 1970 году. Тады пратэсты людзей супраць камуністычнай улады былі жорстка здушаныя войскам, якое скарыстала зброю. Загінулі дзясяткі людзей.

Форум Касьцюшкі 2025 у Гданьску
Форум Касьцюшкі 2025 у Гданьску

Удзел ва ўрачыстасьцях бяруць і беларусы, у тым ліку прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту на чале зь Ціханоўскай.

Сьвятлана Ціханоўская выступіла з ключавой прамовай пра ролю Беларусі ў будучыні Эўропы і агульныя каштоўнасьці Польшчы і Беларусі.

«Як Польшча некалі прайшла свой шлях да волі, гэтак і беларусы зробяць тое ж самае. Гэты шлях можа быць доўгі, але гэта адзіны шлях, які трэба прайсьці. Гэта адзіны спосаб забясьпечыць нашае выжываньне і росквіт», — сказала Сьвятлана Ціханоўская на адкрыцьці Форуму Касьцюшкі.

Сьвятлана Ціханоўская за трыбунай
Сьвятлана Ціханоўская за трыбунай

Таксама Ціханоўская падкрэсьліла: ідэалы, за якія змагаўся Касьцюшка, — свабода, роўнасьць і народны сувэрэнітэт, — актуальныя і сёньня. Яна адзначыла, што незалежнасьць і дэмакратыя патрабуюць ня толькі ўнутранай стойкасьці, але і міжнароднай падтрымкі.

Ціханоўская згадала выступ Радослава Сікорскага 26 студзеня ў Брусэлі:

«Вы выразна адзначылі, што Беларусь — гэта Эўропа, нягледзячы на ўсе спробы Расеі скрасьці нашу гісторыю, культуру і нацыянальную ідэнтычнасьць».

Ціханоўская выказала захапленьне тым, што месцам форуму абраны Гданьск — горад, дзе нарадзілася «Салідарнасьць», рух, які зьмяніў гісторыю і які «натхняе нас у нашай барацьбе за свабоду».

«Так, гэты бой можа быць цяжкі. Гэта можа быць доўга — „Салідарнасьці“ спатрэбілася дзевяць гадоў! — Але калі ты моцны, згуртаваны, пасьлядоўны, калі ў цябе ёсьць саюзьнікі — ты заўсёды дасягаеш посьпеху. Як паказвае гісторыя, дыктатары маглі здавацца непераможнымі, пакуль раптам не паваліліся. Мы ня ведаем, як і калі гэта адбудзецца, але мы можам проста наблізіць гэты момант».

Касьцюшкаўскі форум у Гданьску, Сьвятлана Ціханоўская і Радослаў Сікорскі
Касьцюшкаўскі форум у Гданьску, Сьвятлана Ціханоўская і Радослаў Сікорскі

Паводле Ціханоўскай, гэтым форумам мы аддаём даніну павагі агульным змагарам за свабоду, такім як Тадэвуш Касьцюшка і Кастусь Каліноўскі — людзям, якія, магчыма, і мелі мала шанцаў на перамогу, але ўсё роўна вырашылі змагацца за справядлівасьць.

«Мы аддаём даніну павагі ўсім беларускім журналістам, дзеячам, дзеячам мастацтва, якія, нягледзячы на рэпрэсіі, насуперак русыфікацыі, працягваюць тварыць, наводзіць масты, распаўсюджваць праўду, супраціўляцца „русскому миру“. І я прашу нашых міжнародных сяброў у гэтай залі падтрымаць іх крытычна важную працу, асабліва цяпер, калі амэрыканская дапамога прыпыненая.

Мы аддаём даніну павагі нашым палітвязьням, у тым ліку Анджэю Пачобуту, Ігару Лосіку, Кацярыне Андрэевай ці Марыі Калесьнікавай і тысячам іншых, якія знаходзяцца за кратамі. Іх не зламалі, і нас таксама. Ня будзем спыняць барацьбу за іх вызваленьне.

Гэтым форумам мы таксама аддаём даніну павагі героям, якія ў гэтую хвіліну аддаюць свае жыцьці за свабоду — такім, як Марыя Зайцава, маладая жанчына, зь якой мы разьвіталіся ўчора ў Кіеве. Яна выступала супраць рэжыму на вуліцах Менску ў 2020 годзе, потым змагалася за Ўкраіну і загінула, абараняючы свабоду — сваю, нашу і вашу».

Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі на адкрыцьці Форуму заявіў, што Польшча працягне падтрымліваць імкненьне беларусаў да свабоды, а таксама інстытуты грамадзянскай супольнасьці і незалежныя беларускія ініцыятывы:

«Адна з самых важных, вядома ж, — тэлеканал „Белсат“. Хачу падкрэсьліць, што размова не ідзе ні аб пазбаўленьні яго фінансаваньня, ні тым больш аб яго закрыцьці. „Белсат“ застанецца плятформай польска-беларускага супрацоўніцтва і крыніцай дакладнай, прадстаўленай у сучасным фармаце інфармацыі для беларускіх гледачоў».

Радослаў Сікорскі падкрэсьліў, што Эўропа павінна адпрэчыць ілжывую рыторыку Пуціна аб тым, што Беларусь — гэта частка Расеі.

«Беларусь як асобная дзяржава існавала на працягу паўтысячагодзьдзя(...)Беларусь заслугоўвае таго ж, што і любы эўрапейскі народ», — заявіў Сікорскі падчас сваёй прамовы.

Захаваць для Беларусі месца ў эўрапейскай сям’і заклікаў Эўропу міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

Нягледзячы на «абцугі рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі і прыгнёт Расеі», адзначыў ён, «эўрапейскія карані» Беларусі і яе «памкненьне быць часткай Эўропы жывыя».

«Месца Беларусі ў Эўропе, аднак, каб вярнуцца на эўрапейскі шлях, краіна мусіць вызваліцца як ад дыктатара Лукашэнкі, так і ад уплыву Расеі, — канстатаваў Будрыс. — Мы мусім дапамагчы дэмакратычным сілам Беларусі на гэтым шляху, бо дэмакратычная Беларусь важная як для бясьпекі Літвы, так і для ўсяго рэгіёна».

Кіраўнік МЗС Літвы лічыць важным і надалей падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, дапамагаць у захаваньні беларускай мовы і культуры, узмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі і заахвочваць «больш шчыльныя сувязі паміж дэмакратычнай Беларусьсю і Эўропай».

«Эўропа з’яўляецца і павінна заставацца домам для тых, хто імкнецца да свабоды, годнасьці і незалежнасьці», — заявіў Будрыс.

На форуме сярод іншых прысутнічае віцэ-міністар замежных спраў Украіны Аляксандар Мішчанка.

«Адно павінна быць ясна: Беларусь належыць Эўропе, а не Расеі. Як польская „Салідарнасьць“ 40 гадоў таму, сёньня нам патрэбная падтрымка вольнага сьвету. Дапамога беларусам — гэта не дабрачыннасьць; гэта інвэстыцыя ў будучыню. Вольная Беларусь азначае, што паміж нашымі народамі ня будзе ніякіх бар’ераў. Гэта азначае больш бясьпекі, больш дэмакратыі і больш моцнае супрацоўніцтва ў рэгіёне», — заявіла Ціханоўская.

Яна выказала веру, што Беларусь стане гісторыяй посьпеху, што яна можа стаць свабоднай дэмакратычнай эўрапейскай нацыяй, якой можна ганарыцца.

Форум Касьцюшкі 2025 у Гданьску
Форум Касьцюшкі 2025 у Гданьску

Форум праходзіць з удзелам міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага, а таксама палітыкаў з Эўразьвязу, Украіны.

У працы форуму бяруць удзел таксама намесьнік Ціханоўскай Павал Латушка, іншыя прадстаўнікі АПК, а таксама прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, дасьледнікі, грамадзкія дзеячы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG