«Мы маем справу з Украінай і Расеяй. У нас заплянаваныя сустрэчы і перамовы з рознымі бакамі, у тым ліку з Украінай і Расеяй. І я думаю, што гэтыя дыскусіі праходзяць вельмі добра», — сказаў Дональд Трамп журналістам позна ўвечары 2 лютага, без удакладненьня дэталяў.
За некалькі гадзін да гэтай заявы спэцыяльны пасланьнік Трампа ў пытаньнях Украіны і Расеі Кіт Келаг папярэдзіў, што абодва бакі павінны будуць пайсьці на саступкі, калі яны спадзяюцца дамовіцца аб урэгуляваньні вайны.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі «ўжо даў зразумець, што памякчыць сваю пазыцыю наконт тэрыторый, — сказаў Келаг. — І Пуціну таксама давядзецца зьмякчыць свае пазыцыі».
«Неўзабаве мы будзем абмяркоўваць гэта з усімі, і, магчыма, у найбліжэйшай пэрспэктыве, — дадаў ён. — І гэта добра для абодвух бакоў».
31 студзеня дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што вайна Расеі супраць Украіны не закончыцца дасягненьнем «максымалісцкіх мэтаў» бакоў, і паўтарыў, што абодвум давядзецца пайсьці на саступкі на магчымых будучых перамовах.
Масква раней называла ўмовы мірных перамоў: вывад украінскіх войскаў з Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей, прызнаньне гэтых рэгіёнаў часткай Расеі, нэўтральны статус Украіны і скасаваньне санкцый.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў гэта ўльтыматумам і працягваў настойваць на гарантыях бясьпекі NATO і захаваньні паставак узбраеньня.
20 студзеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея адкрытая для дыялёгу з новай адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб Украіне. Пуцін таксама павіншаваў Дональда Трампа з уступленьнем на пасаду прэзыдэнта ЗША і заявіў, што Расея спадзяецца будаваць дыялёг з ЗША «на аснове ўзаемапавагі».
Паводле амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), Пуцін 20 студзеня паўтарыў, што Крэмль гатовы весьці перамовы з ЗША аб вайне Расеі супраць Украіны, але даў зразумець, што захоўвае свае патрабаваньні аб поўнай капітуляцыі Ўкраіны.
Паводле спэцыяльнага пасланьніка Трампа ў пытаньнях Украіны і Расеі, ЗША разглядаюць магчымасьць ціснуць ня толькі на Маскву, а і на Кіеў.
Форум