Канадзкі і мэксіканскі экспарт у Злучаныя Штаты будзе ісьці ў ЗША з 25% тарыфам з 4 лютага, хоць энэргарэсурсы з Канады будуць мець меншы, 10% збор.
Тавары з Кітаю, якія ўжо абкладаюцца рознымі пошлінамі, будуць абкладацца дадатковымі 10% пошлінамі, піша AFP.
Загады Дональда Трампа таксама прыпынілі выключэньні, якія дазваляюць бяспошлінна ўвозіць у ЗША тавар зь нізкай цаной з трох краін.
Новыя пошліны пагражаюць збоямі ў ланцужках паставак, ад энэргетыкі да аўтамабіляў і прадуктаў харчаваньня.
Пры ўвядзеньні тарыфаў Трамп спаслаўся на Закон аб міжнародных надзвычайных эканамічных паўнамоцтвах, а Белы дом заявіў, што «надзвычайная пагроза, якую нясуць нелегальныя мігранты і наркотыкі, у тым ліку сьмяротны фэнтаніл, правакуе надзвычайнае становішча ў краіне».
Мэта Трампа — прымусіць усе тры краіны «адказаць за іх абяцаньні спыніць нелегальную іміграцыю і спыніць паступленьне атрутнага фэнтанілу і іншых наркотыкаў у нашу краіну», дадалі ў Белым доме.
Міністэрства гандлю Кітаю заявіла, што прыме «адпаведныя контразахады» і падасць пазоў супраць Вашынгтону ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.
Прэзыдэнт Мэксікі Кляўдыя Шэйнбаўм абвясьціла, што яе краіна ўвядзе пошліны ў адказ. Яна сказала, што загадала міністру эканомікі «рэалізаваць „плян B“, над якім мы працавалі, і які ўключае тарыфныя і нетарыфныя захады ў абарону інтарэсаў Мэксікі».
Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо, які размаўляў з Шэйнбаўм, заявіў, што яго краіна ўвядзе ў адказ 25% зборы на асобныя амэрыканскія тавары коштам 155 мільярдаў канадскіх даляраў (106,6 мільярда даляраў ЗША), зь першай фазай 4 лютага і другой за тры тыдні.
«Мы, вядома, не імкнемся да эскаляцыі. Але мы будзем выступаць за Канаду, за канадцаў, за працоўныя месцы ў Канадзе», — сказаў ён, папярэдзіўшы аб магчымасьці разрыву даўніх канадзка-амэрыканскіх сувязяў.
Форум